Украіна станоўча ацэньвае перспектыву правядзення чарговых перамоў пры ўдзеле прадстаўнікоў з Расіі, ЕС і ЗША па дээскалацыі сітуацыі ва Украіне. Пра гэта на брыфінгу ў панядзелак у Кіеве паведаміў дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Яўген Перабійніс.

«Мы станоўча ацэньваем ініцыятывы па правядзенню чарговага раунда кансультацый паміж бакамі Жэнеўскіх дамоўленасцей», — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, цяпер адносна гэтага адбываюцца інтэнсіўныя кансультацыі паміж усімі зацікаўленымі бакамі.

«Мы лічым, што такая новая сустрэча, у выпадку калі будзе дасягнута дамоўленасць аб яе правядзенні, павінна адбыцца ў тым жа фармаце, што і Жэнеўская «, — сказаў ён.

Як падкрэсліў дыпламат, важна, каб падчас правядзення такой сустрэчы была праведзена дэталёвая ацэнка выканання ўсімі бакамі Жэнеўскіх дамоўленасцей.

«Акрамя таго, па нашым перакананні, бакі на гэтай сустрэчы павінны засяродзіць увагу на першачарговых прыярытэтах, якія сёння далі б магчымасць для дээскалацыі сітуацыі. З нашага пункту гледжання, такім прыярытэтам з'яўляецца забеспячэнне правядзення пазачарговых выбараў прэзідэнта Украіны 25 мая», — падкрэсліў Перабійніс.

У той жа час, як адзначыў ён, цяпер пра дату і месца правядзення сустрэчы казаць рана, аднак, не выключана, што яна можа адбыцца да выбараў прэзідэнта. «Кансультацыі адносна гэтага працягваюцца», — сказаў дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?