Напярэдадні Дня Перамогі ў Беларусі актывізуюцца акцыі па раздачы «патрыятычных» георгіеўскіх стужак. Адным з асноўных дыстрыб'ютараў стужак з'яўляецца сетка крамаў «Еўраопт», якая не першы год удзельнічае ў акцыі.

Кампанія «Еўраторг» актыўна рэкламуе акцыю па раздачы георгіеўскіх стужак на сайце «Еўраопта». Так, на старонцы гандлёвай сеткі пазначана, што валанцёры будуць раздаваць стужкі ля крамаў «Еўраопт» у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі з 7 па 9 мая. Пры гэтым 9 мая беларусы змогуць атрымаць стужкі з самай раніцы і да вечара.

І калі раздаваць георгіеўскія стужкі не забараняецца, дык называць распаўсюднікаў стужак «валанцёрамі» «Еўраопт» паспяшаўся.

Як аказалася, гэтым людзям будуць плаціць заробак: 25 тысячаў у гадзіну. Пры гэтым распаўсюднікаў «Еўраопт» шукае вельмі таямнічым шляхам.

Сёння ў сацыяльнай сетцы адразу ў некалькіх суполках кшталту «Праца Мінск», а таксама на старонцы карыстальніцы Анастасіі Івановай з'явілася аб'ява пра пошук дзяўчын для раздачы стужак у Мінску 9 мая.

Сама Анастасія ў каментарах да аб'явы паведаміла, што акцыю замовіў «Еўраопт» і параіла звяртацца па падрабязнасці ў саму кампанію «Еўраторг». Пры тэлефанаванні супрацоўнікі «Еўраторга» паведамілі, што такіх вакансій у кампаніі не існуе.

Аднак падчас прыватнай размовы з патэнцыйнай супрацоўніцай Іванова паведаміла нашмат больш.

Як высветлілася, Анастасія з'яўляецца супрацоўніцай рэкламнага агенцтва «Акрабат», якой «Еўраопт» і даручыў пошук «валанцёраў».

Кандыдаткі мусяць даслаць фота ў фармаце «белы верх, чорны ніз», з якіх кіраўніцтва адбярэ распаўсюдніц стужак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?