Напярэдадні Дня Перамогі актывісты беларускай Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) пачалі раздачу ў краіне георгіеўскіх стужак. Так, на адной з вуліц у Мінску быў заўважаны за гэтым заняткам намеснік кіраўніка ЛДП, вядомы артыст Яўген Крыжаноўскі. 

На пытанне карэспандэнта БелаПАН, ці не бянтэжыць яго тое, што стаўленне да георгіеўскіх стужак цяпер неадназначнае ў сувязі з падзеямі ва Украіне, артыст-палітык адказаў: «Неадназначнае стаўленне да георгіеўскіх стужак у тых, хто неадназначна ставіцца да нашай Перамогі, таму што гэта сімвал Перамогі — тут ужо нічога не зробіш. І тое, што сёння кажуць, быццам гэта сімвал Расійскай імперыі — мы яго з гэтым не звязваем. Гэта сімвал 9 мая, перамогі над фашызмам. Таму мы іх цяпер і раздаём». 

Тэму прадоўжыў на прэс-канферэнцыі 6 мая першы намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч: 

«Калі мы абвясцілі ў СМІ, што раздаём георгіеўскія стужкі, мы ж не хацелі гэта афішаваць — штогод гэтым займаемся, і не толькі мы, па ўсім свеце іх раздаюць. І вось апазіцыя замест таго, каб штосьці рабіць напярэдадні выбарчых кампаній, выступіла з заявай аб тым, каб забараніць у Беларусі раздаваць георгіеўскую стужку. Вы што, ідыёты? У любым гістарычным сімвале можна знайсці негатыў, але для большасці людзей георгіеўская стужка гэта сімвал перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вешаючы яе на лацкан пінжака ці на машыну, мы паказваем толькі адно — гэты сімвал быў на ўзнагародах нашых дзядоў-пераможцаў. Дык што, мне медалі дзеда выкінуць толькі таму, што гэта неяк звязана з падзеямі ва Украіне?» 

Алег Гайдукевіч паабяцаў, што ён і іншыя прадстаўнікі ЛДП прыйдуць на кангрэс па абранні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі з георгіеўскімі стужкамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0