Гэтыя аб'екты з нестандартнай архітэктурай зробяць сталіцу Беларусі цікавейшай.

Dana Mall (Швейцарыя)

Кампанія Dana Holdings, цэнтральны офіс якой знаходзіцца ў заходне-швейцарскім горадзе Наўшатэле, з'яўляецца старажылам на рынку Усходняй Еўропы. Першыя праекты ў галіне нерухомасці былі тут рэалізаваны ёй яшчэ ў 1980-х гадах. На сённяшні дзень за плячыма кампаніі — больш за паўтысячы праектаў.

У наш агляд не мог не патрапіць яе праект — гандлёва-забаўляльны цэнтр у комплексе «Маяк Мінска», які праславіўся ў мінулым годзе атрыманнем прэстыжнай прэміі World Finance Awards 2013 у намінацыі «Лепшы шматфункцыянальны комплекс Усходняй Еўропы».

Dana Mall стане самым вялікім гандлёвым цэнтрам не толькі ў Беларусі. Плошча ў 200 тыс. кв.м. пакіне за сабою ўсе гіпермаркеты Літвы. Да прыкладу, агульная плошча Ozas'а складае 180 тыс. кв.м. Акрамя гэтага, будынак будзе мець незвычайную архітэктуру і дызайн інтэр'еру. Апошні распрацаваны брытанскай кампаніяй Benoy.

ТРЦ будзе займаць 3 паверхі. Гандлёвыя прадпрыемствы будуць размяшчацца на першым і другім. Верхні паверх аддадуць пад забаўляльныя установы і фуд-корты. Сярод іншага на ім будуць знаходзіцца кінатэатр і фітнэс-цэнтр.

З боку Нацыянальнай бібліятэкі ўзводзіцца 11-павярховы Dana Center плошчай 26000 кв.м. Акрамя офісаў і банкаў у ім будуць размяшчацца элітныя апартаменты.

Здаць комплекс у эксплуатацыю абяцаюць у першым квартале 2015 года. Гледзячы на актыўныя будаўнічыя працы, не ўзнікае сумнення, што тэрміны здачы будуць сарваныя.

Жылы дом нацыянальнага алімпійскага камітэта (Беларусь)

Жылы 24-павярховы дом будуецца па замове НАК на вул. Філімонава, каля Нацыянальнай бібліятэкі. ПП «Алімпійскія праекты» адказваюць за тэхнагляд, СМ ЗАТ «Арэса-Сэрвіс-Буд» з'яўляецца падрадчыкам.

Будынак будзе мець незвычайны скалападобны дах, за які дзякуй РУП «Інстытут «Белдзяржпраект». Менавіта дзякуючы яму булынак быў уключаны ў наш агляд. Спадзяемся, што ад яго не адмовяцца.

У пашпарце аб'екта ў графе «Пачатак работ» значыцца кастрычнік 2012 года. За гэты вялікі перыяд часу не пабудаваны нават першы жылы паверх. Будынак абяцаюць здаць у першым квартале 2015 года, але, мабыць, як у нас часта бывае, дату ўводу ў эксплуатацыю перагледзяць.

Цэнтр фрыстайлу+аквапарк (Беларусь)

Чарговая дзяржаўная будоўля ў нашым аглядзе і чарговы даўгабуд. Дадзены спартыўны комплекс, які будуецца на вул. Суганова, абяцалі здаць яшчэ некалькі гадоў таму, але толькі ў бягучым годзе будаўнікі выйшлі на фінішную прамую. У пашпарце аб'екта значыцца, што будаўнічыя працы будуць завершаны ў верасні. Цікава, што графа «Заканчэнне работ» уяўляе сабой простую паперку, прымацаваную скотчам. Пад ёй значыцца першая дата здачы — чэрвень 2012.

Замоўцам будаўніцтва Цэнтра фрыстайлу выступае РУП «Дырэкцыя аб'ектаў, якія будуюцца Мінспорту». Праектная арганізацыя — РУП «Белпрампраект».

Спартыўны комплекс будзе складацца з басейна 20 на 30 метраў (найбольшая глыбіня — 5 м.), трох трамплінаў для адзіночных, падвойных і патройных сальта з даўжынёй разгону да 70 метраў, а таксама комплекс трамплінаў і вышак для скачкоў у ваду.

Забаўляльная частка будзе ўключаць аквапарк з трыма басейнамі, джакузі, каля 20 рознымі атракцыёнамі і лазневым комплексам, залы для харэаграфіі, аэробікі, сілавой падрыхтоўкі, трэнажорная зала. У цэнтры будуць працаваць боўлінг і більярд.

Гандлёва-адміністрацыйны комплекс «Дынама» (Беларусь)

На месцы знесенага 2-павярховага будынка па вул. Кірава, дзе размяшчаліся білетныя касы і фірмовы магазін, дабудоўваецца новы. Яго дызайн распрацаваны спецыялістамі «Белзамежбуд». Праект выйшаў досыць незвычайным для Мінска. Першапачаткова плошча шклення павінна была быць меншай, а павярховасць большай.

Першыя два паверхі комплексу зоймуць гандлёвыя плошчы. Вышэй будуць размяшчацца офісы, ніжэй, у падземнай частцы, — паркінг.

Супраць будаўніцтва гэтага будынка выступаў галоўны архітэктар «Мінскпраекта» Міхаіл Гаухфельд. Ён нагадаў, што па генплане развіцця горада тут павінна знаходзіцца ландшафтна-рэкрэацыйная зона са спартовым ухілам. Да спецыяліста не прыслухаліся.

Шматфункцыянальны комплекс «Сціклева» (Беларусь)

Чарговы будынак з цікавай архітэктурай узводзіцца ў раёне ст.м. «Магілёўская», з адваротнага боку МКАД. Агульная плошча будынка складзе 7,3 тыс. кв.м. Акрамя офісаў, у ім будуць размяшчацца дзве канферэнц-залы на 60 і 100 месцаў, выставачная зала і кавярня. Апошні, 11 паверх, будзе тэхнічным; на ім будзе размешчаны выхад у зімовы сад.

Праектам прадугледжана сучасная падсвятленне комплексу па аналогіі з Нацыянальнай бібліятэкай і БЦ «Фарэнгейт» на вул. Прытыцкага. Пражэктары будуць запраграмаваныя на розныя сцэнары.

Генпадрадчыкам аб'екта выступае ТАА «Маналіт груп», замоўцам — ПВУП «Інвест МФК». Здача аб'екта плануецца ў снежні гэтага года.

ВК «Дзюна» (Беларусь)

Далёка не кожны жылы дом мае ўласную назву. Дадзены будынак узводзіцца на скрыжаванні пр. Дзяржынскага і вул. Чурлёніса, насупраць Студэнцкай вёскі, і сваёй архітэктурай мае да яго прамое дачыненне. Знешнім абліччам будынак абавязаны Мінскпраекту.

Канчатковы выгляд дома ўжо праглядаецца і да канца бягучага года ён павінен быць здадзены. У будынку таксама будуць размешчаныя супермаркет, прамтаварныя крамы, трэнажорная зала, бар, а таксама офісны блок.

Забудоўшчыкам выступае ТДА «Айран».

Новы офіс «Белгазпрамбанка» (Расія)

Новы офіс банка дабудоўваецца каля ГЦ «Скала» на вул. Прытыцкага. Будынак абяцае стаць адным з самых незвычайных у Мінску. Бо працы выходзяць на фінішную прамую, пра яго будучае аблічча можна меркаваць ужо цяпер. Тым больш, ён будуецца ў поўнай адпаведнасці з прадстаўленым публіцы эскізам.

Будаўніцтва гэтага будынак абышлося банку прыкладна ў 20 млн даляраў. У падмурак закладзена капсула з залатой манетай 999-й пробы вагой 36 грамаў, інкруставаная дыяментамі.

Новы офіс банка будзе мець адкрытыя тэрасы, на якіх высадзяць вечназялёны дэкаратыўныя дрэвы: туі, ядловец, кіпарысы.

Будынак узводзіцца па праекце архітэктурнай майстэрні Міхаіла Вінаградава і быў створаны ў 2009 годзе. Для тых, каму гэтае прозвішча ні пра што не сказала, ён з'яўляецца аўтарам будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі і Чыгуначнага вакзала.

Плошча банка складзе каля 14 тыс. кв.м. У эксплуатацыю ён будзе ўведзены ў другой палове бягучага года.

ТЗЦ «Гулівер» (Беларусь—ЗША)

Адзін з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе гандлёвых цэнтраў будзе адкрыты ў раёне ст.м. «Пушкінская». Ён будзе меншы за ой, які будуе Dana Mall, 130 тыс. кв.м. плошчы супраць 200, але гэта таксама шмат. Гэта больш, чым мае віленскі Akropolis.

У склад комплексу, акрамя гандлёвых плошчаў, будуць уваходзіць зоны грамадскага харчавання, культурна- забаўляльныя і спартыўныя зоны, 6-узроўневы паркінг і адміністрацыйна-офісныя памяшканні.

Будуе аб'ект кампанія «Арэса-Сэрвіс» Сяргея Каранько. З 2002 года 45% акцый гэтай кампаніі належыць амерыканскай венчурнае групе TSYN Group Int. Inc.

Green City (Расія)

Будаўніцтва чарговага аднаго з найбуйнейшых гандлёва -забаўляльных цэнтраў Усходняй Еўропы (83 тыс. Кв.м.) вядзецца на заходнім ўскрайку Мінска, у мікрараёне Каменная Горка. Комплекс абяцалі здаць у 2014 годзе, але, хутчэй за ўсё, будаўніцтва скончыцца пазней. Акрамя офіснага цэнтра і гіпермаркета, ён будзе ўключаць гасцініцу (59 нумароў) і фітнэс-клуб.

На першым паверсе гандлёвага цэнтра размесцяцца чатыры рэстараны. Гэта рэстаран азіяцкай кухні Yoshi, піўны рэстаран, піцэрыя Terra Pizza, а таксама Golden Coffee.

Забудоўшчыкам аб'екта з'яўляецца інвестыцыйная кампанія СТАА «ЕвроСтэпГрупп», створаная на базе расейскага капіталу. Будаўніцтва комплексу абыйшлося ёй у 110 млн даляраў.

Riviera Plaza (Беларусь)

Першы адміністрацыйна-офісны блок бізнэс-цэнтра плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да канца гэтага года. Другая чарга будаўніцтва — адміністрацыйна-офісны блок № 2 — будзе здадзены ў 2015 годзе. Блок № 3 і SPA-цэнтр дабудуюць да 2016 года. Комплекс будуецца на пр. Пераможцаў, насупраць Мінск-Арэны.

Праект па будаўніцтве бізнэс-цэнтра выконваецца па замове і пры куратарстве ТАА «Завод Бульбаш». Кампанія працуе ў супрацоўніцтве з генпадрадчыкам ТАА «БУ-1 БелБуд». Праект распрацаваў архітэктар Барыс Школьнікаў.

Агульная плошча комплексу складзе 33 тыс.кв.м. Плошча SPA- цэнтра складзе 6800 кв.м. Ён будзе ўключаць 20 відаў лазняў і саўнаў, 13 басейнаў і ўнікальны для Мінска SPA-кінатэатр.

Шматфункцыянальны комплекс «Сокал» (Катар)

Замоўцам гэтага, аднаго з самых цікавых будынкаў краіны, з'яўляецца ТАА «Інвестыцыйная кампанія «Сокал». Інвестар — Фонд узброеных сіл Катара. Праекціроўшчыкам, галоўным інжынерам і падрадчыкам з'яўляецца беларуска-літоўскае СТАА «Магнус груп» (створанае на базе ТАА «Трайпл» Юрыя Чыжа). У графе «Заканчэнне будаўніцтва» на пашпарце аб'екта значыцца дата 2014/03/01, аднак работ яшчэ хапае.

Сваёй незвычайнай архітэктурай будынак абавязаны спецыялістам кампаніі «Вараб'ёў і партнёры».

Акрамя спартыўнага комплексу, тут будзе размяшчацца 5-зоркавы гатэль Marriott. Будаўніцтва вядзецца на пр. Пераможцаў каля футбольнага манежа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?