Узнагароджанне ветэранаў і членаў іх сямей крыжам у гонар 70-годдзя Паўстання 1863 г. 1933 г.

Узнагароджанне ветэранаў і членаў іх сямей крыжам у гонар 70-годдзя Паўстання 1863 г. 1933 г.

З часу Мураўёва-Вешальніка ў Расейскай Імперыі закладалася ідэя, што праваслаўнае насельніцтва Беларусі ставілася да паўстання 1863 рэзка негатыўна. Прарасійскія гісторыкі малявалі паўстанне як справу выключна шляхты ды ксяндзоў, не падтрыманую праваслаўным сялянствам. Між тым, гэта аспрэчваюць нават удзельнікі здушэння паўстання.

Расейскі палкоўнік Аляксандр Гейнс, які змагаўся супраць паўстанцаў у бітвах пад Коцкам, пры Калішы і Сямятычах, у асабістым лісце да свайго сябра Канстанціна Каўфмана, аднаго з наступнікаў Міхаіла Мураўёва на чале Паўночна-Заходняга краю, пісаў: афіцыйныя данясенні замоўчваюць факты «зацятай абыякавасці да нас сялян ва ўвесь час барацьбы». «Гэта абыякавасць ішла так далёка, што… многія рускія (г.зн. праваслаўныя — Рэд.) сяляне бралі ўдзел у паўстанні». А ў маі 1863-га, напярэдадні Мілавідскай бітвы ў Слонімскім павеце, «сяляне цэлымі станамі прымалі праваслаўную прысягу на вернасць мяцяжу…».

Праваслаўных сялян з самага пачатку барацьбы было нямала ў паўстанцкіх атрадах Беласточчыны, яны ўдзельнічалі ў захопе горада Сураж і бітве пад Сямятычамі.

У атрадзе Старжынскага ваяваў 18-гадовы Казлоўскі Шымон Якубаў з вёскі Жаўткі (Беластоцкі павет). Касінерам у атрадзе Святлінскага (Перуна) быў 25-гадовы Талочка Савярыл Аўгусцінаў з вёскі Чэхі, у атрадзе Дзікоўскага два месяцы правёў 17-гадовы Дземянчык Маркель Ільіч з вёскі Лысы (абодва — Бельскі павет). З Студнякоў Сакольскага павета адразу некалькі сялян пайшлі ў атрад Духінскага, у тым ліку 18-гадовы Сінкевіч Васіль Мацееў, які таксама змагаўся пад кіраўніцтвам Улодака і Урублеўскага.

На Гродзеншчыне паспяховы напад атрада падпалкоўніка Аляксандра Лянкевіча на кватэру лясніцтва ў Азёрах стаў для жыхароў мястэчка і ваколічных вёсак сігналам да пачатку барацьбы. 36 добраахвотнікаў пры пяці стрэльбах атрымалі падмацаванне з амаль сотні новых паўстанцаў, сярод якіх было шмат праваслаўных. Адзін з іх — 17-гадовы панскі батрак Кучынскі Міхаіл Аляксееў з вёскі Талочкі — у сваіх паказаннях пасля амаль пяці месяцаў змагання адзначыў: «Мэтаю майго паступлення ў атрад было толькі тое, што абяцалі даваць грошы і вольнасць».

Паколькі Лянкевіч лічыў, што кожны чалавек мае права змагацца за свабоду, стрэльбы атрымалі нават зусім маладыя хлопцы, як 16-гадовы Кашэтук Адам Восіпаў з вёскі Гліняны і Аўсейнікаў Міхаіл Аўгусцінаў з вёскі Галавачы. Аднак ужо 4 мая на Святых Балотах у бітве супраць 2 рот царскай пяхоты і 30 казакоў на чале з падпаручнікам Мантойфелем паўстанцы былі разбітыя.

Аб вайсковых здольнасцях паўстанцаў 30-гадовы праваслаўны селянін Бартанчук Антон Андрэеў з вёскі Гуціцы сведчыў: Лянкевіч «даў мне старое ружжо, я, прабыўшы некалькі дзён, быў пастаўлены на пікет. І калі я стаў баявым ружжом гуляцца, але, не ведаючы, як з ружжом абыходзіцца, неспадзявана выстраліў, і ружжо разарвалося. З ім вярнуўся ў атрад, і ўжо ружжо было ад мяне забранае, а прыстаўлены да абоза, для пераносу цяжару і ўвесь час насіў на сабе валізу з аптэчкамі, медыкаментамі. А так, пры атрадзе знаходзячыся, бадзяжыў па розных невядомых мне лясах. І аднойчы, калі атрад быў нагнаны расейскімі войскамі і збег, быў нагнаны расейскімі двума салдатамі, з якіх адзін мяне параніў штыком у правае плячо, то я, адчуўшы боль, валізу, якую нёс, кінуў і сам ратаваўся ўцёкамі, і, праходзячы па лесе, сустрэўся з атрадамі Гідва і Астрогі, якія мяне ў сувязі з атрыманай ранаю ў атрад не ўзялі».

Хуткая параза спыніла шырокі ўздым Гродзенскага павета.

Аднак многія з тых, хто далучыўся да ліку змагароў, ужо не складалі збоі да самага канца, як праваслаўны 21-гадовы садоўнік Сямёнаўскі Іван Міхайлаў з маёнтка Віланаў. Пасля паражэння атрада Лянкевіча Сямёнаўскі пайшоў да Раматоўскага (Вавер) у Аўгустоўскіх лясах. Затым ён дзейнічаў у атрадах Гласкі, Калышкі і Клімкевіча. Стаў сведкам сялянскай дапамогі паўстанцам харчаваннем, ука-заннямі дарогі, паведамленнямі аб набліжэнні царскіх войскаў. Сямёнаўскі бачыў павешанне двух сялян-даносчыкаў ды аднаго немца за спробу збегчы з атрада.

Падтрымлівала паўстанне і частка праваслаўнага духавенства ў Беларусі, 14 прадстаўнікоў якога за гэта былі рэпрэсаваныя. У атрадзе Каржанеўскага дзейнічаў 42-гадовы манах Супрасльскага манастыра Феадосій Дымінскі. Са святарскай сям’і, ён у 1847 паступіў у Віленскі Духаў манастыр пад імем Іосіфа, дзе быў паслушнікам. Праз пяць гадоў, пастрыжаны ў манахі і названы Феадосіем, жыў у некалькіх манастырах Літвы, пакуль у лютым 1859 не быў пераведзены ў Супрасль. Адтуль у жніўні 1863 атрымаў перавод у Жыровіцкі манастыр, падарожнічаючы куды і трапіў у паўстанцкі атрад.

Да паўстання заклікаў 43-гадовы праваслаўны святар Мікалай Мароз, які служыў у Лапаціне пад Пінскам.

Пасля набажэнства ён збіраў у сябе на кватэры праваслаўную шляхту з ваколіц вёскі Колбы, чытаў ёй маніфест паўстанцкага ўрада і ўгаворваў далучацца да атрадаў. Калі ж шляхта не згадзілася, сказаў: «За гэта можна атрымаць і кулю ў лоб». Спрабаваў айцец Мікалай пераканаць і свайго дыякана Пракаповіча: «Няма чаго баяцца паўстанцаў — я і сябе, і вас змагу абараніць». На Мароза ў паліцыю данёс святар Страховіч з суседніх Місяціч, з якім у айца Мікалая былі не надта цёплыя адносіны. У выніку па патрабаванні Мураўёва Сінод пазбавіў Мароза духоўнага звання, пасля чаго той быў асуджаны на 10 гадоў катаржных прац у крэпасцях.

У адрозненне ад пінскай шляхты, якую айцу Марозу не ўдалося загітаваць да ўдзелу ў паўстанні, у суседняй Слонімшчыне такія выпадкі сустракаліся. 21-гадовы праваслаўны дваранін Іпаліт Карэцінскі, які вучыў сялянскіх дзяцей у ваколіцах мястэчка Быцень, у маі 1863 далучыўся да атрада Францішка Юндзіла і 3 чэрвеня ўзяў удзел у бітве пад Мілавідамі — самым вядомым у Беларусі ўзброеным сутыкненні паміж паўстанцамі і царскім войскам.

У Мілавідскай бітве праваслаўныя зрабіліся значнай часткай паўстанцкага войска.

Так, у Слонімскім атрадзе іх была траціна. Амаль усё дарослае мужчынскае насельніцтва сучаснага цэнтра праваслаўя ў Беларусі — мястэчка Жыровічы — падалося ў паўстанцы разам з чатырма духоўнымі асобамі Жыровіцкага манастыра, якія сталі касінерамі і пазней далучыліся да атрада Валерыя Урублеўскага. Сярод іх — 19-гадовы Іван Шышко з вёскі Добрая Воля Ваўкавыскага павета, што служыў пры жыровіцкім архімандрыце.

Уваходзілі праваслаўныя сяляне і ў іншыя атрады, сабраныя ў паўстанцкім лагеры на мяжы Гродзенскай і Мінскай губерняў. Сярод іх — 27-гадовы ўдзельнік атрада Лянкевіча Міхаіл Семянчук з вёскі Шчэчыцы (сёння — Мастоўскі раён). У сваіх паказаннях, як і большасць паўстанцаў, для захавання ўласнага жыцця, ён гаварыў пра прымусовае далучэнне да атрада, у той жа час пазначыўшы: «У шайку вярбоўшчыкамі лю-дзей дастаўляема не было, але ўсялякі з’яўляўся добраахвотна». М.Семянчук быў узброены аднаствольным ружжом і пісталетам. Пераважная ж большасць сялян з’яўлялася касінерамі і мела двувострыя косы з круком у нізе ляза, насаджаныя на дрэўка і абматаныя вакол яго дротам, знятым з тэлеграфнай лініі.

Кіраўніком адной з частак касінераў у Мілавідскай бітве быў 20-гадовы праваслаўны мешчанін Аляксандр Унгэбаўэр, які да паўстання працаваў цеслем у родным Навагрудку. Даведаўшыся пра адыход жыхароў горада ў Налібоцкія лясы, добраахвотна падаўся туды разам з братам, каб далучыцца да атрада Вітольда Міладоўскага і ксяндза Феліцыяна Лукашэвіча. Удзельнічаў у сутычках пад Сяльцом, Крывошынам, Ігнатавам і Львоўшчынай. Па загадзе Міладоўскага кіраваў павешаннем селяніна, падазраванага ў шпіёнстве на карысць расейцаў. Сам Міладоўскі, які выдаў імёны ўдзельнікаў той акцыі ды іншых паўстанцаў, застаўся жывы. У адрозненне ад схопленага Унгэбаўэра, якога расстралялі ў Навагрудку 20 студзеня 1864.

Тады ж на пляцы за горадам расейцы расстралялі і 22-гадовага праваслаўнага мешчаніна Уладзіслава Смыслава з Навагрудка, які да сыходу ў атрад працаваў фельчарам у Крошыне, на радзіме паэта Паўлюка Багрыма. У атрадзе Міладоўскага Смыслаў даглядаў параненых, але запляміў сябе ўдзелам у павешанні селяніна, здзейсненым групай паўстанцаў на чале з Унгэбаўэрам. Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў адхіліў рэкамендацыю суда аб замене смяротнага пакарання ссылкай у катаргу.

Ні праваслаўнае веравызнанне, ні юны век не былі перашкодаю ў вынясенні жорсткіх пакаранняў за ўдзел у Мілавідскай бітве, у якой расейцы пацярпелі паразу.

У Сібір былі адпраўленыя нават 16-гадовы Лявон Дудзіноўскі з Гавінавічаў і 17-гадовы Іосіф Мушынскі з Альбярціна.

Да паўстанцаў далучаліся і праваслаўныя расейцы, як у выпадку афіцэраў з Новаінгерманландскага палка: прапаршчыкі Рэмішэўскі і Ельчанінаў перайшлі ў мінскі атрад студэнта Трусава. Пасля паразы яны здолелі эміграваць у Парыж і сталі вучнямі гадзіннікавых спраў майстра.

Нават гэтыя некалькі прыкладаў паказваюць, што думка, быццам у змаганні 1863—1864 паўстанцы былі выключна каталікамі, а праваслаўныя выступалі толькі на баку расейскіх уладаў, з’яўляецца не проста памылковай, але і шкоднай для разумення нашай гісторыі. Насамрэч, як сярод тых, хто падтрымліваў расейцаў, выдаваў паўстанцаў, пісаў даносы, было шмат каталікоў, так і сярод паўстанцаў было багата праваслаўных, якія ўдзельнічалі ў бітвах, паказвалі дарогу і перадавалі інфармацыю пра перамяшчэнне царскіх войскаў, хавалі ў сваіх хатах параненых, кармілі іх. Прычым лік праваслаўных паўстанцаў у Беларусі ішоў на сотні, а магчыма, і на тысячы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0