У пачатку мая споўнілася 196 гадоў з дня нараджэння Карла Маркса, «філосафа ІІ тысячагоддзя», як яго назвалі не пераломе тысячагоддзяў і стагоддзяў.

Можна ўявіць, колькі памыяў выльюць на галаву Маркса на 200-годдзе, у 2018-м, але ніхто не скажа: марксізм памёр. Калі ў канцы 2000-х пачаўся (дарэчы, прадказаны марксістамі) крызіс, «Капітал» зноў стаў адной з самых запатрабаваных кніг, а яшчэ раней парыжскі часопіс Le Nouvel Observateur абвясціў Маркса філосафам ХХІ стагоддзя.

Помніцца, як у канцы мінулага стагоддзя за нейкім круглым сталом ішоў абмен думкамі пра тое, які тып дзяржавы, грамадскага ладу ствараецца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994-га і перавароту 1996-га. І хтосьці прамовіў слова «банапартызм».

Тыя, хто чытаў Маркса, адразу ўспомнілі ягоную працу «18 брумэра Луі Банапарта», якую я настойліва раю маладым таварышам як узор палітычнай аналітыкі. У той працы ёсць нават пра латарэйны бізнэс, якім займаліся ўладныя банапартысты. І пра парламент, які сам капаў сабе магілу. Пра дэзерцірства дэпутатаў. І парламенцкі крэтынізм. І такое: «Парламент выказаўся за Банапарта, але канстытуцыя выказалася супраць парламента». Рыхтык як у нас. Толькі замест прозвішча Банапарт трэба іншае.

Калі я чую, што ад амерыкана-еўрапейскіх санкцый не павінен цярпець народ, то кажу: народ і так церпіць.

Церпіць не толькі народ (у Маркса — пралетарыят), церпяць і вышэйстаячыя пласты, бо кожная нацыя жыве так, як яна галасуе. Ад яе выбару, бывае, залежыць само яе існаванне. Маркс, які бачыў, што Шарль Луі Напалеон Банапарт хоча стаць імператарам, пісаў: «Нацыі, як жанчыне, не даруецца хвіліна прамашкі, калі першы стрэчны авантурыст можа ўчыніць ад ёю гвалт». Выбраўшы прэзідэнтам Рэспублікі маленькага пляменніка вялікага дзядзькі, французы самі запраграмавалі паліцэйскі рэжым, Седанскую катастрофу 1870-га, 5-мільярдную кантрыбуцыю золатам на карысць Прусіі, страту Эльзаса і Латарынгіі… Чытач можа падоўжыць спіс падобных памылак народаў у новай і найноўшай гісторыі.

Луі Банапарт ніколі б не выплыў на паверхню палітычнага жыцця, калі б не рэвалюцыя 1848-га.

Гэта заканамернасць: у час грамадскіх узварушэнняў на паверхню выплываюць падонкі. Ці ўдасца ім затрымацца на паверхні, зноў жа, залежыць ад настрояў нацыі. Кожная рэвалюцыя нясе сацыяльна-эканамічную няпэўнасць. Галоўнае пытанне, якое мучыць масавую свядомасць: ці не будзе заўтра горш, чым учора? Не свабода выказванняў, сходаў і аб’яднанняў патрэбная перш за ўсё масе, а гарантаваны дабрабыт. «Ад небяспекі рэвалюцый», піша Маркс, французаў «пацягнула назад да егіпецкіх катлоў з мясам». Чытач можа падоўжыць спіс народаў, якія гэтак, як і французы, вышэй за правы і свабоды паставілі матэрыяльныя інтарэсы, захацелі — дзеля катлоў з мясам — вярнуцца ў егіпецкі палон.

Не, яны ані не думалі, што вяртаюцца ў рабства. Звычайнай свядомасці ўласцівыя дзве рэчы: ідэалізацыя мінуўшчыны і аберацыя памяці.

Французам мроілася веліч іх краіны ў час панавання Наполеона І, немцам, асабліва ў перыяд сусветнага крызісу, — веліч Германіі да паразы 1918-га. Іншыя народы трызнілі, напрыклад, каўбасою за 2 рублі. У выніку ж «народ… аказваецца перанесеным назад, у памерлую эпоху», «уваскрасаюць старыя даты, старое летазлічэнне, старыя імёны, старыя эдыкты… і старарэжымныя, здавалася б, даўно сатлелыя жандары».

Выбар французаў, канстатаваў Маркс, прывёў да таго, што «рэвалюцыя знікае ў руках лоўкага шулера, і ў выніку знішчанай аказваецца ўжо не манархія, а тыя ліберальныя саступкі, якія былі адваяваныя ў яе». Чытач можа падоўжыць спіс народаў, якія ўчынілі тое, што і французы ў снежні 1848-га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0