«У «Белай Волі» ніколі не было ілюзій наконт беларускай ліберальна‑дэмакратычнай апазіцыі, але на гэты раз нам спадабаўся ідэйны пасыл акцыі. 4 лістапада апазіцыйныя правадыры заклікалі народ прайці маршам не ў гонар «еўрапейскіх каштоўнасцей» ці «наладжвання дыялогу з уладай», а ў абарону сацыяльных гарантый», — гаворыцца ў сённяшняй заяве ўльтранацыяналістычнай незарэгістраванай арганізацыі.
«Белавольцы» кажуць, што са здзіўленнем убачылі, што «пад наш сцяг прыйшлі не толькі камрады «Белай волі»: падыходзілі з просьбай далучыцца да калоны і людзі зусім нам незнаёмыя».
Падчас шэсця ўльтранацыяналісты паспелі, паводле іхнай справаздачы, распаўсюдзіць ля 600 сваіх улётак, яны «выкрыквалі нацыянал‑патрыятычныя лозунгі: «Нацыя! Айчына! Воля», «Не кантрактнай сістэме!», «Акцыі народу — а не алігархам!», «За кроў! За гонар! За нашу Долю! За Белую Волю» і іншыя».
Але, як пішуць «белавольцы», папраўкі ў хаду падзей унеслі «левыя радыкалы». Паводле заявы «Белай Волі», «беларусія «анарха‑камуністы» не адзін раз заўлялі, што разглядаюць «белавольцаў» ледзь не галоўнымі сваімі ворагамі». «Праявілі сваю подленькую сутнасць яны і на гэты раз. Яшчэ каля Акадэміі навук нашымі камрадамі былі адбіты спробы адабраць нашы ўлёткі паборнікамі «лібертарыянскага камунізма». (…) Гэткія ж выхадкі працягнуліся і падчас руху калоны. Акрамя таго, на адрас «белавольцаў» з боку калоны анархістаў выкрыкваліся пагрозы і абразы (у стыле «валі карычневую мразь!»), — паведамляюць ультранацыяналісты.
«Белавольцы» упэўніваюць, што цярпелі і ігнаравалі анархістаў, але «ўсяму ёсць мяжа: падчас руху калоны па вуліцы Сурганава «анархісцкае хамства» (у хаду пайшлі выкрыкі не на адрас абстрактных «фашыстаў», а канкрэтна нашага руху) вылілася ў адкрытую сутычку». Пры гэтым «белавольцы» сцвярджаюць, што менавіта анархісты выкарыстоўвалі арматуру і драўляныя дубіны.
«Анархісты» наглядна паказалі наколькі іх хвалюе абвастрэнне сацыяльных праблем» Беларусі, фактычна сарвалі і бяз гэтага агідна арганізаваны марш, падставілі лібералаў‑арганізатараў і выставілі сябе поўнымі клоунамі. (…) Па вялікім рахунку для «белавольцаў» шэсце скончылася пераможна. Хаця і вельмі глупа. Настолькі, што ўзнікаюць сумневы з перспектывах далейшага ўдзелу «Белай Волі» у няхай правільных, але арганізаваных лібераламі акцыях», — заяўляюць ультранацыяналісты.
Яны таксама спадзяюцца, што «мясцовыя «ультралевыя» зразумеюць, «што за свае ўчынкі адказваць усё‑такі прыйдзецца».