У красавіку гэтага года ў Беларусі было зарэгістравана 1.814 пацярпелых ад укусаў іксодавых кляшчоў, у тым ліку 726 дзяцей, што ў пяць разоў перавышае паказчыкі красавіка мінулага года. 

Як паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, рэзкаму росту колькасці пацярпелых садзейнічала павелічэнне ў 2,2 разу колькасці кляшчоў у прыродных біятопах у параўнанні з папярэднім годам.

Паводле слоў спецыялістаў, сезон актыўнасці кляшчоў сёлета пачаўся незвычайна рана, першыя ўкусы зарэгістраваны ў трэцяй дэкадзе лютага.

«Паступовае аднаўленне цёплага надвор'я пасля часовага пахаладання будзе садзейнічаць павышэнню ў маі актыўнасці і колькасці кляшчоў. Сезонны пік іх колькасці прагназуецца да канца мая — пачатку чэрвеня», — адзначаюць медыкі.

Спецыялісты папярэджваюць, што ў перыяд актыўнасці іксодавых кляшчоў з вясны да позняй восені існуе небяспека заражэння такімі інфекцыямі, як клешчавы энцэфаліт і хвароба Лайма. 

Каб пазбегнуць заражэння, медыкі рэкамендуюць

максімальна закрываць адкрытыя ўчасткі цела пры наведванні лесапаркавых зон, прымяняць рэпеленты і акарыцыдныя сродкі, кожныя адну-дзве гадзіны праводзіць сама- і ўзаемаагляды адзення і скурных покрываў, а таксама ўжываць у ежу толькі гатаванае казінае малако.

У выпадку прысмоктвання кляшча рэкамендуецца выдаліць яго, апрацаваць ранку ёдам і звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта або педыятра па прафілактычнае лячэнне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?