Расійскія поп-зоркі Барыс Маісееў, Сяргей Звераў і Аляксандр Пяскоў. Фота Мікалая Аўраменкі.
Дэпутат Дзярждумы Валерый Рашкін (КПРФ) заявіў, што Расія павінна адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў песенным конкурсе «Еўрабачанне».
«Вынікі апошняга «Еўрабачання» перапоўнілі чашу цярпення, — цытуюць яго расійскія інфармагенцтва. — Трэба ўжо сёлета выходзіць з гэтага конкурсу. Нельга ж трываць гэта бясконцае вар'яцтва», — падкрэсліў парламентарый, дадаўшы, што Расія штогод траціць на ўдзел у «Еўрабачанні» 40 мільёнаў еўра.
Паводле словаў Рашкіна, у якасці альтэрнатывы Расія можа стварыць песенны конкурс «Голас Еўразіі».
«Мы праводзім такія магутныя мерапрыемствы сусветнага ўзроўню, як Алімпіяда, і такі конкурс тым больш зможам арганізаваць. Мяркую, усе краіны на Еўразійскай прасторы, ды і многія іншыя нас падтрымаюць», — дадаў ён.
Дэпутат заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Віталій Мілонаў, які раней ініцыяваў адмену ў Расіі канцэртаў украінскага гурту «Акіян Эльзы», у панядзелак звярнуўся да міністра культуры Уладзіміра Мядзінскага з просьбай не дапусціць магчымых канцэртаў Вурст у Расіі.
Канчыта Вурст — аўстрыйскі поп-спявак, які эпатуе публіку вобразам жанчыны з барадой. Ён перамог на «Еўрабачанні-2014» з песняй «Rise Like a Phoenix».
[перамога Канчыты Вурст — НН]