Па словах спецыялістаў, нашэсце тэрмітаў пагражае захаванасці прэзідэнцкага палаца ў сталіцы Парагвая Асунсьёне.
«Яны руйнуюць драўляныя структуры, падлогі і ахоўныя пакрыцці ў некаторых частках палаца», — заявіў архітэктар Густава Главініч з парагвайскага міністэрства грамадскіх работ.
Як сцвярджае Главініч, заходняя частка палаца «Палас дэ Лопэс» сур'ёзна з'едзена тэрмітамі.
Архітэктар таксама занепакоены тым, што разам з полчышчамі тэрмітаў у гістарычным будынку развяліся шматлікія кажаны.
«У 2012 годзе мы інвеставалі два мільёны даляраў, каб выратаваць часткі палаца, аддадзеныя пад прэзідэнцкую канцылярыю, ваенны кабінет і цырыманіяльны пакой», — кажа Главініч.
Паводле яго слоў, рэстаўрацыя прэзідэнцкага палаца ў Асунсьоне патрабуе дадатковых укладанняў з боку ўрада, у адваротным выпадку будынак асуджаны на павольнае разбурэнне знутры.
У палацы «Палас дэ Лопес», размешчаным на беразе бухты ў цэнтры парагвайскай сталіцы, размяшчаюцца урад краіны і канцылярыя сённяшняга прэзідэнта Арасіа Картэса.
Палац быў пабудаваны ў другой палове XIX ст. па распараджэнні тагачаснага прэзідэнта краіны Карласа Антоніа Лопэса.
У гады дыктатуры ў «Палас дэ Лопес» пражываў генерал Альфрэда Стрэснер, які кіраваў краінай з 1954 па 1989 гады.