Мітрапаліт Павел лічыць зневажальнай пародыяй пераможцу цяперашняга песеннага конкурсу «Еўрабачанне» аўстрыйца Томаса Нойвірта, які выступаў у жаночым вобразе пад сцэнічным псеўданімам Канчыта Вурст.

«Я паглядзеў, нават не ведаю як сказаць, на гэтага ці на гэтую выступоўцу, — сказаў уладыка на прэс-канферэнцыі 13 мая ў Мінску. — Гэта ж пародыя. Я як епіскап адразу ж бачу падспудную думку, што яны спрабавалі прыпадобніцца да вобраза Хрыста — бародка, распушчаныя валасы. Вось гэтае «яно» сёння захапляе людзей, займае першае месца».

Праваслаўны іерарх зазначыў, што ён «крышку іншага складу», і ў яго бытнасць у маладых людзях «выхоўвалі пачуццё мужчынскай годнасці». «Нам з самага ранняга дзяцінства казалі, што павінна быць гарманічнае ўспрыманне хлопцаў у дачыненні да дзяўчат, дзяўчат — да хлопцаў. Нам казалі: калі гэта хлопец, то ён павінен быць мужным, храбрым, працавітым, сумленным і добрасумленным, дзяўчына павінна славіцца сваёй сціпласцю, разважлівасцю. А знешні бок — тут хто якім нарадзіўся, такім і застанецца», — сказаў Павел.

«Але мы бачым, што чалавек наўмысна спрабуе змяніць сваё знешняе аблічча, — працягнуў ён. — Я не пераношу такіх слізнякоў, <…> асабліва калі чалавек нарадзіўся нармальным, а ператвараецца ў незразумелае «яно», а яго ўзнімаюць на вяршыню славы… Я такога не люблю».

Кіраўнік Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы заявіў, што не рэкамендаваў бы нікому накіроўваць канкурсантаў на «Еўрабачанне», калі там «прызнаецца за вяршыню дасканаласці згублены і абязвечаны вобраз Божы ў чалавеку».

Паводле слоў мітрапаліта, сёння Еўропа «дэхрысціянізуецца, адыходзіць ад тых духоўна-маральных хрысціянскіх каштоўнасцяў, якімі жылі многія пакаленні». Жыхары еўрапейскіх краін, мяркуе ён, захапляюцца «нейкімі новымі ідэямі, якія зусім не правераны часам». Духоўна-маральныя каштоўнасці, якія прапаведуе царква, з'яўляюцца гісторыяй, «што грунтуецца на шматвяковым вопыце», яны «не вынаходства філосафаў, кабінетных мысліцеляў, а Боскае адкрыццё».

«Калі мы будзем прытрымлівацца гэтых адкрыццяў, то тады мы будзем вартыя дабрабыту на зямлі», — мяркуе мітрапаліт Павел.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?