Зусім выпадкова трапіў на матч «Беларусь—Швейцарыя». Не ў якасці фотажурналіста, а як глядач, — піша выдатны фатограф і заснавальнік газеты «Турізм і отдых» Сяргей Плыткевіч. — А да гэтага пабачыў, які ажыятаж у студэнцкай вёсцы, у якой размяшчаюцца заўзятары, пабываў у некаторых новых гатэлях. Усе нумары прададзеныя, народ актыўна купляе экскурсіі.

Слухаючы радасны крык 13-тысячнага натоўпу пасля кожнай забітай беларусамі шайбы, успомніў пра стогны змагароў са зненавідным рэжымам, якія заклікалі да байкоту чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі. Але да чэмпіянату ў Мінску з'явілася больш за сорак новых гасцініц, сучасныя спартыўныя збудаванні, акультураныя ўсе ўезды ў горад. У апошнія тыдні і дні людзі, якія маюць хоць нейкае дачыненне да арганізацыі мерапрыемстваў у рамках або каля чэмпіянату, на вушах стаялі, каб зрабіць усё магчымае, абы ён прайшоў на годным узроўні.

Чэмпіянат скончыцца, рэжым таксама калі-небудзь зменіцца, а вось пабудаваная турыстычная інфраструктура ў абноўленым горадзе застанецца назаўсёды. Вось і думай тады, як ацэньваць сённяшнія надпісы на расцяжках над праспектам Пераможцаў: «Гісторыя — гэта тое, што нас аб'ядноўвае».

Якая гісторыя? Каго аб'ядноўвае? Безумоўна, хацелася б, каб наша гісторыя пачыналася з Полацкага і Вялікага Княства Літоўскага. Але ці гатова да гэтага грамадства і кіраўніцтва? Можа быць, сапраўды, спачатку трэба пабудаваць лядовыя палацы, даць народу хлеба і відовішчаў, а потым пакрысе падкрадацца да душы і сэрца?

Працуючы над рознымі праектамі ў розных кутка краіны, бачу, як змяняецца Беларусь. Ёсць мінусы, ёсць плюсы. Але толькі там, дзе ёсць людзі, якія не стогнуць, а рэальна працуюць, нешта мяняецца ў лепшы бок. Пабольш было б ў краіне такіх людзей, глядзіш, і рэжым быў бы іншым… Адназначна і іншае: ніякага енку, ніякага атаясамленне працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі, толькі з кіруючым рэжымам, ніякіх высноў, што дапамагчы гэтай зямлі і гэтым людзям немагчыма. Нельга быць патрыётам і жадаць паразы сваёй краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?