У Беларусі плануюць забараніць продаж алкагольных напояў асобам, маладзейшым за 21 год. Такая норма ўтрымліваецца ў праекце закона аб змяненні парадку абароту алкагольнай прадукцыі на ўнутраным рынку.

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

«На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца продаж алкагольных напояў асобам, маладзейшым за 21 год. У выпадку ўзнікнення ў асобы, якая непасрэдна ажыццяўляе водпуск алкагольных напояў, сумнення ў дасягненні пакупніком 21 года прадавец мае права запатрабаваць у гэтага пакупніка дакумент, які сведчыць асобу», — гаворыцца ў законапраекце, што знаходзіцца на разглядзе ўрада. 

Мяркуецца, што гэтая норма можа набыць моц з 2015 года.

У абгрунтаванні да праекта закона згадваецца, што гэтае новаўвядзенне ініцыявала Міністэрства ўнутраных спраў. 

«Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, наяўная ў моладзі ва ўзросце старэйшым за 18 гадоў магчымасць набываць алкагольныя напоі прыводзіць да 25-разовага росту колькасці асоб, што назіраюцца нарколагамі, ва ўзросце ад 18 гадоў да 21 года з залежнасцю ад алкаголю ў параўнанні з колькасцю такіх асоб ва ўзросце да 18 гадоў», — канстатуюць распрацоўшчыкі законапраекта. 

У абгрунтаванні да законапраекта таксама пазначаецца, што «ўжо цяпер з агульнай колькасці паўналетніх асоб, якія ўчынілі злачынствы ў стане алкагольнага ап'янення, 10,3% складаюць грамадзяне ва ўзросце 18—20 гадоў». 

Падрыхтаваны законапраект таксама прадугледжвае ўвядзенне «часовага абмежавання рознічнага продажу алкагольных напояў у арганізацыях гандлю з 22 да 9 гадзін, за выключэннем рознічнага гандлю ў стацыянарных аб'ектах грамадскага харчавання і магазінах бяспошліннага гандлю». 

Трэба дадаць, што сёлета Беларусь заняла першае месца ў свеце па ўжыванні чыстага спірту на душу насельніцтва. У штогадовым дакладзе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Аб становішчы ў галіне алкаголю і здароўя» паведамляецца, што ўзровень спажывання чыстага спірту на аднаго жыхара Беларусі старэйшага за 15 гадоў складае ў сярэднім 17,5 літра. Беларускія мужчыны выпіваюць штогод 27,5 літра чыстага спірту, жанчыны — 9,1 літра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?