Цэнтральны савет Беларускай партыі «Зялёныя» ўскладае адказнасць за інцыдэнты падчас Сацыяльнага маршу на незарэгістраваную арганізацыю «Белая воля». Пра гэта БелаПАН паведаміў член Цэнтральнага савета партыі Юрый Глушакоў.

Паводле яго слоў, партыя прыняла наконт інцыдэнта спецыяльную заяву. У ёй зазначаецца, што арганізатары маршу былі загадзя папярэджаныя аб наяўнасці ў шэрагах дэманстрантаў групы неанацыстаў колькасцю каля шасцідзесяці чалавек і магчымасці правакацыі з іх боку.

«Калі неанацысты напалі на ўдзельнікаў акцыі, лібертарныя актывісты былі вымушаныя аказаць супраціўленне, што ў выніку вылілася ў так званую «бойку на праезнай частцы», аб якой паведамляюць СМІ. Важна адзначыць, што дзякуючы адпору з боку антыфашыстаў, удалося пазбегнуць больш цяжкіх наступстваў і дыскрэдытацыі маршу ў вачах дэмакратычнай грамадскасці», — лічыць партыя «Зялёныя».

«Беларуская партыя «Зялёныя» выказвае поўную салідарнасць з дзеяннямі антыфашыстаў. Усю адказнасць за інцыдэнт нясе так званая «Белая воля» і сілы, што стаяць за яе спіной, якія зацікаўленыя ў арганізацыі правакацый», — сказаў Ю.Глушакоў.

«Невыпадкова, што менавіта пратэстныя акцыі сацыяльнага характару сталі аб’ектам такіх дасканалых і добра падрыхтаваных правакацый. У сувязі з гэтым усім дэмакратычным сілам неабходна праяўляць пільнасць і салідарнасць з антыфашыстамі, каб надалей не дапускаць да ўдзелу ў акцыях арганізацыі, падобныя да «Белай волі», — працытаваў Ю.Глушакоў заяву партыі.

Нагадаем, 4 лістапада, калі дэманстранты знаходзіліся на перакрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Сурганава, група маладых людзей, апранутых у чорнае (каля двух‑трох дзесяткаў), аддзялілася ад агульнай калоны ўдзельнікаў акцыі і ўчыніла бойку на праезнай частцы. Некаторыя з іх выкрыквалі фашысцкія лозунгі. Пасля з’яўлення супрацоўнікаў праваахоўных органаў яны разбегліся.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0