Венгерская пракуратура просіць Еўрапарламент пазбавіць дэпутацкай недатыкальнасці аднаго з лідараў партыі «Йобік» Бэла Ковача.

Хоць прычына гэтага звароту афіцыйна не абвяшчалася, мясцовыя СМІ ўпэўненыя, што Ковача падазраюць ў шпіянажы на карысць Масквы, піша Lenta.ru.

Падставай для падазрэнняў сталі занадта прыватныя кантакты Ковача з расейскімі дыпламатамі. Акрамя таго, ён штомесяц наведваў Маскву. А падчас рэферэндуму ў Крыме, які ЕЗ лічыць нелегітымным, Бэла Ковач выступіў у ролі назіральніка.

Афіцыйныя асобы ад каментароў пакуль устрымліваюцца.

«Генеральная пракуратура расследуе сур'ёзнае злачынства, але падрабязнасці не могуць быць апублікаваныя. Менавіта таму я не магу сказаць, у чым складаецца злачынства. Магу толькі паведаміць, што закон прадугледжвае за такія дзеі пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да васьмі гадоў», - заявіў прадстаўнік венгерскай пракуратуры Euronews. У той жа час тэлеканал паведамляе, што, па звестках газеты «Мадзьяр Немзет», абвінавачванні палітыку ўжо прад'яўленыя.

Сам Ковач лічыць іх надуманымі. А скандал, на яго думку, штучна раздзімаецца напярэдадні выбараў у Еўрапарламент, каб адабраць у «Йобік» галасы выбаршчыкаў.

На выбарах у Еўрапарламент у 2009 годзе «Йобік» заняла трэцяе месца, атрымаўшы 14,77 адсотка галасоў венгерскіх выбаршчыкаў. Гэта дазволіла партыі заняць 3 месца з 22, прызначаных для Венгрыі ў Еўрапарламенце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?