Раскол закрануў як культурных дзеячоў Грузіі, так і сродкі масавай інфармацыі.
Некалькі пісьменьнікаў, кінарэжысераў і актораў ужо выступілі перад дэманстрантамі. Адзін зь вядомых сьпевакоў напісаў песьню, у якой параўнаў прэзыдэнта Саакашвілі з рымскім імпэратарам Нэронам, вакол якога гарыць ягоная сталіца. Іншыя дзеячы культуры выступілі ў падтрымку прэзыдэнта. Некаторыя зь іх падпісалі адозву, што ня будуць далучацца да дэманстрацый.
Грузінскія сродкі масавай інфармацыі таксама падзеленыя. Адной з дзьвюх галоўных тэлестанцый валодае мільянэр‑прадпрымальнік, які фінансуе апазыцыю. Ягоны тэлеканал бесперапынна трансьлюе дэманстрацыі ў жывым этэры. Іншы грузінскі тэлеканал, які досыць крытычны да апазыцыі, аддае больш часу галасам, якія падтрымліваюць урад.
У той час жа час, як дэманстрацыі працягваюцца, ніводны з бакоў не зьбіраецца ісьці на саступкі.
Адзін з грузінскіх аглядальнікаў сказаў, што краіна нібыта жыве ў дзьвюх паралельных рэальнасьцях.
* * *
Грузінская апазыцыя заблякавала ўсе выхады і ўваходы з парлямэнту г.зв. калідорамі ганьбы. Удзельнікі акцыі арганізавалі «жывыя калідоры» і, калі паўз іх праходзяць прадстаўнікі парлямэнту, апазыцыянеры сьвістаюць і скандуюць «Вы не з народам».
Тым часам парлямэнт працуе ў звычайным рэжыме, хоць паседжаньне пачалося на гадзіну пазьней заплянаванага, — дэпутаты глядзелі ў жывым эфіры надзвычайны брыфінг генэральнай пракуратуры Грузіі наконт справы экс‑міністра абароны Іраклія Акруашвілі.
Напярэдадні колішні паплечнік прэзыдэнта выступіў у эфіры грузінскага тэлеканала «Імедзі» і заявіў, што ўсе абвінавачваньні на адрас Саакашвілі, якія ён апрылюдніў у верасьні, праўдзівыя. Ён заявіў, што адмовіўся ад іх пад ціскам і што яго прымусілі пакінуць краіну за дзень да мітынгу апазыцыі.