У Беларусі за 20 гадоў змянілі пол каля 70 чалавек, паведаміў урач-сексолаг Дзмітрый Капусцін.

«Ва ўсім свеце жаданне змяніць пол часцей выказваюць мужчыны, але ў краінах СНД сітуацыя іншая: жанчыны часцей хочуць стаць мужчынамі. Чаму так адбываецца, пакуль невядома», — сказаў Дзмітрый Капусцін.

На ўліку ў Мінскім гарадскім сексалагічным цэнтры знаходзяцца 170 чалавек, якія хочуць змяніць пол (практычна аднолькавая колькасць мужчын і жанчын). У сваёй большасці гэта людзі ва ўзросце ад 23 да 26 гадоў. Дазвол на аперацыю, з дапамогай якой мужчынскае цела зменяць на жаночае або наадварот, атрымліваюць каля чатырох чалавек у год.

У Беларусі такі дазвол выдае спецыяльна створаная Міжведамасная камісія па медыка-псіхалагічнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з сіндромам адмаўлення полу. У яе склад уваходзяць 15 спецыялістаў міністэрстваў аховы здароўя, абароны, унутраных спраў, юстыцыі, адукацыі. Камісія накіроўвае пацыента на псіхолага-псіхіятрычнае і сексалагічнае абследаванне. Праз год, пасля дасканалага абследавання ў псіхіятраў, сексолагаў, уролагаў, гінеколагаў, эндакрынолагаў і генетыкаў, савет прымае рашэнне - змяняць гэтаму чалавеку пол або не.

«За гэты час спецыялісты павінны зразумець, хто перад імі - трансвестыт, транссексуал, гомасексуаліст або чалавек з псіхічным захворваннем», — растлумачыў Дзмітрый Капусцін, адзначыўшы, што пол змяняецца толькі транссексуалам.

Калі чалавек прызнаны транссексуалам, яму выдаецца заключэнне, падпісанае міністрам аховы здароўя Беларусі, якое дае права на змену дакументаў. Пасля замены пашпарта транссексуал назіраецца камісіяй на працягу паўгода. Спецыялісты вывучаюць, як ён адаптуецца да новага статусу. Рашэнне аб хірургічнай і гарманальнай карэкцыі прымаецца толькі ў тым выпадку, калі працэс адаптацыі прайшоў паспяхова. Паводле слоў Дзмітрыя Капусціна, каля 5 працэнтаў транссексуалаў, якія атрымалі новае імя, адмаўляюцца ад аперацыі, ім дастаткова таго, што іх прызналі людзьмі іншага полу.

Гаворачы аб пераможцы конкурсу песні «Еўрабачанне-2014» — «барадатай жанчыне» Канчыце Вурст, беларускі сексолаг адзначыў, што, хутчэй за ўсё, выканаўца — трансвестыт, а не транссексуал.

«Хутчэй за ўсё, Канчыта Вурст - гэта чалавек, які атрымлівае задавальненне ад нашэння адзення процілеглага полу. Толькі і ўсяго. Гэта як на карнавале, толькі карнавал прадаўжаецца некалькі гадзін, а тут больш доўгі тэрмін», - сказаў Дзмітрый Капусцін.

У Беларусі першая аперацыя па змене полу была праведзена ў 1992 годзе. Яе выканалі жанчыне. А праз год яна, а дакладней ён, ажаніўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?