Андрэй Казакевіч

Працэс фармавання беларускай нацыі завершаны, і беларусы сёння — гэта палітычная нацыя, а не этнічная, заявіў на публічнай лекцыі «Пачаць пісаць па-беларуску. Беларускае адраджэнне канца ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя ў рэгіянальным і сацыяльным вымярэнні» 17 мая ў Магілёве дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

«Беларуская нацыя аформілася. Яна, можа, адрозніваецца ад таго, што ёсць, напрыклад, у Літве ці Польшчы, асабліва што тычыцца мовы. У нас мова аслаблена як чыннік гуртавання беларускай нацыі. Але 80% насельніцтва Беларусі ідэнтыфікуе сябе беларусамі, мае станоўчае стаўленне да беларускай дзяржавы»,

— адзначыў палітолаг.

Акрамя таго, паводле слоў навукоўца, існуюць інстытуты, што ўмацоўваюць беларускую палітычную самасвядомасць. Гэта, у першую чаргу, сістэма адукацыі і адміністрацыйныя структуры.

У той жа час Андрэй Казакевіч пазначыў, што завершанасць фармавання нацыі не ёсць нечым нязменлівым. На яго думку, нацыі трансфармуюцца пад уплывам розных фактараў, напрыклад, такіх як палітычная сітуацыя, змены ў складзе тых ці іншых груп насельніцтва, культурных асаблівасцей.

Аналізуючы першую хвалю беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, што адбывалася ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, Казакевіч падкрэсліў: большасць прадстаўнікоў беларускай эліты тых часоў паходзіла з мясцін у абшары паміж Мінскам і тагачаснай Вільняй. Пра гэта сведчыць даследаванне інстытута «Палітычная сфера», якое прасачыла лёсы каля сотні дзеячаў беларускага культурнага руху. Яны зацікавілі даследчыкаў тым, што ў свядомым узросце пачалі пісаць свае творы па-беларуску.

Так, 35 чалавек з іх нарадзілася ў Віленскай губерні, 34 — у Мінскай. У астатніх губернях гэтая колькасць значна меншая — у Гродзенскай — 12, а ў Магілёўскай — 4 чалавекі. Больш за палову літаратараў паходзіла з сялян і шляхты. 

Згодна з даследаваннем, беларускі рух сто гадоў таму быў справай маладых — з даследаванай сотні літаратараў 67 нарадзіліся ў 1880—1890 гадах, мелі досыць высокі ўзровень адукацыі, займаліся навукай, культурай ці выкладаннем.

Андрэй Казакевіч адзначыў, што тэрытарыяльная асаблівасць паходжання большасці дзеячаў беларускага культурнага руху канца ХІХ—пачатку ХХ стагоддзяў праявілася і падчас першых прэзідэнцкіх выбараў. У 1994 годзе больш за 30% жыхароў абшару Мінска і так званай Усходняй Віленшчыны аддалі свае галасы нацыянальна-дэмакратычным кандыдатам — Зянону Пазняку і Станіславу Шушкевічу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?