У нядзелю ў мінскай кватэры знайшлі мёртвым вядомага барда Змітра Сідаровіча. Радыё «Свабода» даследавала версіі смерці.

Крымінальная версія

Паводле спявачкі Таццяны Матафонавай, версія пра крымінальны характар смерці Змітра Сідаровіча з'явілася толькі таму, што, паводле сведак, у ягонай кватэры аказалася шмат крыві: «Мы ўсе творчыя людзі, ува ўсіх фантазія, і таму маглі гэтак падумаць. Нібыта ці забілі, ці сам з сабой нешта зрабіў. Але цяпер становіцца зразумела, адкуль з'явілася кроў — у яго, відаць, здарылася закупорка крывяноснай сістэмы з-за тромба. Гэта магчыма».

Версія самагубства

У суботу 17 мая Зміцер Сідаровіч меўся выступаць на вечарыне разам з Любоўю Сівуравай. Але не прыйшоў, хоць, як згадвае спадарыня Сівурава, напярэдадні, у пятніцу ўвечары, сам звязваўся з ёй праз тэлефон і абмяркоўваў праграму выступу. Любоў Сівурава перакананая, што планаў сыходзіць з жыцця ў Змітра Сідаровіча не было, а прычынай заўчаснай смерці стала хвароба сасудаў на нагах. Кроў у кватэры нябожчыка Любоў Сівурава тлумачыць асаблівасцю хваробы.

«Калі тромб перакрывае вену, то вена недзе лопаецца. Бо гэта вена, у ёй вянозная кроў, яна проста свішча. І калі адразу не дапамагчы чалавеку, ён памірае. Пачытайце пра трамбоз і тромбафлебіт глыбокіх венаў — стане зразумела, што пагроза летальнага канца ёсць заўсёды. І чым вышэй тромб, тым горш. У яго ўся левая нага была сіняя, увесь час ён яе перамотваў. Бінтаваў і прымаў лекі. Да калена яшчэ не гэтак небяспечна, а калі раптам яно падымаецца вышэй, то вельмі. У яго была такая форма тромба, калі тромб быў не прырослы, рухомы. І ён пра гэта ведаў».

 Смерць ад хваробы?

Артыст Ілля Арэстаў кантактаваў з бацькамі Змітра Сідаровіча ў нядзелю. Вось што Ілля Арэстаў паведаміў раніцай 19 мая: «Трэба пачакаць вынікаў ускрыцця, толькі тады можна будзе дакладна сказаць, што здарылася. Зразумела, што калі яго знайшлі ў лужыне крыві, загаварылі і пра гвалтоўную смерць. Гэтак было спачатку. А потым, як прыехалі з міліцыі, яны агледзелі, нібыта не было ніякіх пашкоджанняў, і сказалі, што гэта магло здарыцца з іншай прычыны — з-за тромба. А крыві, кажуць, было шмат: на стале таксама. Маці сказала, што яму стала дрэнна, ён сядзеў за кампутарам, і там была кроў. А потым, напэўна, дзе ён ні бываў, паўсюль, кажуць, была кроў. Але я там не быў. Калі я прыйшоў да ягонай хаты, бацькі сыходзілі і пра гэта распавялі. А цела Змітра пасьля таго павезлі на экспертызу ў Навінкі, дзе робяць экспертызы. Такім чынам, трэба пачакаць. Але — так, бацькі схіляюцца, што смерць адбылася з-за хваробы, з-за тромба».

Ці скардзіўся Зміцер Сідаровіч на здароўе раней? Паводле Іллі Арэстава, яму было вядома пра праблемы са здароўем у Змітра Сідаровіча, хоць той не любіў пра гэта казаць: «Так, былі праблемы з тромбамі, з венамі. І ўжо шмат гадоў. Але ён гэта асабліва не афішаваў. Ведаю, што аднойчы клаўся на аперацыю, але што дакладна тады яму зрабілі, не ведаю, бо ён асабліва не распавядаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?