Гамяльчанка Юлія Перагудава, мама дваіх дзяцей, заваявала тытул «Місіс Беларусь — 2014». Фінал конкурснага шоу гледачы ўбачылі 18 мая.

У інтэрв'ю прыгажуня прызнавалася, што прыйшла на конкурс за новымі ўражаннямі пасля пяці гадоў дэкрэтнага адпачынку. І нават не чакала, што стане пераможцай.

Юліі 31 год, яна працуе кансультантам у банку. У вольны ад працы час захапляецца стральбой. На конкурс прыйшла па патрабаванні мужа. Да гэтага ў падобных конкурсах не ўдзельнічала. Галоўны прыз — тытул «Місіс Беларусь — 2014» і адпачынак на Мальдыўскіх выспах.

Разам з Юліяй ў фінале конкурсу ўдзельнічалі яшчэ 15 прэтэндэнтак. Віцэ-міс шоу сталі Таццяна Куранкова і Юлія Красоўская. Акрамя тытула, яны атрымаюць грашовую ўзнагароду.

У склад журы конкурсу ўвайшлі член Саюза мастакоў Беларусі Андрэй Смаляк, дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Алена Троіцкая, стыліст Аляксандр Кірынюк, тэлевядучы Тэнгіз Думбадзэ, заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева, алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір, дызайнер адзення Лінда Намус, старшыня федэрацыі фітнесу Наталля Наважылава і спявак Аляксандр Саладуха.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?