Пасля прыняцця ў Беларусі «антымакавага» дэкрэта доля наркаманаў, якія ўжываюць выцягнуты з макавага зерня опій, скарацілася да 5%, паведаміў на прэс-канферэнцыі 20 мая старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Дзмітрый Садчыкаў.

Дэкрэт №1 «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання абароту насення маку» быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 14 студзеня і набыў моц 1 лютага 2014 года. У адпаведнасці з дакументам дзяржава атрымала выключнае права на аптовы гандаль насеннем маку ў Беларусі. Апрача таго, уведзеныя шэраг абмежаванняў на рознічны гандаль насеннем маку, устаноўленыя штрафы за парушэнне правілаў іх захоўвання і перамяшчэння.

«Да падпісання дэкрэта каля 80% асоб ужывалі опій, які вырабляўся з насення маку. Як толькі набыў моц дэкрэт, іх стала каля 5%. Але зараз пачалі галаву ўзнімаць асобы, якія распаўсюджваюць курыльныя сумесі», — сказаў Садчыкаў.

Разам з тым ён выказаў надзею, што наркаманы, якія ўжывалі опій, «пайшлі лячыцца», зазначыўшы, што ўжыванне курыльных сумесяў выклікае ў такіх людзей моцны боль. «Яны самі робяць антырэкламу гэтым курыльным сумесям. Калі ад опію ў першую чаргу раскладаецца печань, то ад курыльных сумесяў — мозг. Дастаткова выкурыць дзве-тры цыгарэты, каб чалавек быў ужо невылечна хворым», — зазначыў прадстаўнік МУС.

Паводле слоў Садчыкава, у Беларусі забаронены больш як 400 небяспечных рэчываў, што выкарыстоўваюцца ў курыльных сумесях, і ўжо падрыхтаваны новы спіс забароненых рэчываў. «Мы стараемся ісці ў нагу з часам, каб апярэджваць распаўсюджвальнікаў [курыльных сумесяў], але нарказбытчыкі перыядычна мяняюць формулу [рэчываў]», — растлумачыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?