Журналіст луцкай газеты «Валынь Post» Сяргей Шапавал правёў у палоне ў сепаратыстаў больш за тры тыдні. Яго затрымалі ў Данецку 26 красавіка, пасля таго, як ён паспрабаваў запісацца добраахвотнікам у народнае апалчэнне Данбаса. Шапавал збіраўся ўкараніцца ў асяроддзе сепаратыстаў, каб напісаць рэпартаж пра людзей, якія падтрымліваюць акцыі пратэсту.

Па словах Сяргея, у шэрагах сепаратыстаў пануе сапраўдная шпіёнаманія: баючыся пранікнення ў свае шэрагі «Правага сектара», усіх добраахвотнікаў дапытваюць. Пасля таго, як у Сяргея знайшлі журналісцкае пасведчанне, яго білі электрашокерам, а каб электрычны разрад біў мацней, на плячо клалі мокрую анучу.

Увесь час допыту ў суседнім пакоі знаходзіліся журналісты агенцтва Anna News. Пасля катаванняў яны, як ні ў чым ні бывала, запісалі відэа са збітым журналістам. Сяргея прымусілі казаць пра тое, што ў яго ўсё ў парадку і ён знаходзіцца ў Славянску.

Пазней відэа выдалілі з Youtube. Усяго было запісана чатыры відэаролікі, у якіх Шапавал кажа тэкст, напісаны сепаратыстамі і расійскімі журналістамі. Яны таксама рассылалі артыкулы ад імя Сяргея, у якіх сепаратысцкі рух спрабавалі выставіць ў станоўчым святле.

Пра тое, хто такія сепаратысты і што яны з сябе ўяўляюць, Сяргей Шапавал распавёў у інтэрв'ю Hubs.

— Ці падтрымліваюць ідэі Данецкай народнай рэспублікі ў Данецку?

— Простыя людзі ў Данецку не падтрымліваюць Данецкую народную рэспубліку. Памятаеце, на Майдане заўсёды былі сотні валанцёраў, якія рыхтавалі ежу, прыносілі нейкія прадукты.

У Данецку байцы самі рэжуць сабе бутэрброды, а са сцэны на працягу дня абвяшчаюць некалькі разоў, што патрэбны жанчыны для гатавання ежы. Я гэта ўсё бачыў і чуў, таму што сядзеў у пакоі, вокны якога выходзяць на цэнтральны ўваход у Данецкую аблдзяржадміністрацыі.

У іх нават матрацаў не было ў дастатковай колькасці. Некаторыя байцы спалі на падлозе, яны не змаглі арганізаваць свой побыт.

Увечары па Данецку ходзяць патрулі, быццам бы ахоўваюць правапарадак, адначасна забіраюць у людзей мабільныя тэлефоны. Уранку прыходзяць і выхваляюцца, хто які тэлефон сабе адціснуў.

Стаянка перад абладміністрацыяй забітая крадзенымі аўтамабілямі. Адкуль я гэта ведаю? Яны самі кажуць — адціснутыя машыны.

— Сепаратысты сапраўды баяцца «Правага сектара». Або разумеюць, што чуткі аб гэтай арганізацыі трохі перабольшаныя?

— Гэта ў іх універсальная страшылка. Каго б ні злавілі — абвяшчаюць Правым сектарам. Што б ні адбылося — гэта ўсё Правы сектар. Іх накручвае расійскае ТБ, якое называе Правым сектарам нават Нацгвардыю.

— Хто людзі, якія мітынгуюць каля адміністрацыі?

— Калі я з'явіўся ў канцы красавіка, там было шмат рамантыкаў, ідэалістаў, авантурыстаў. Публіка ад 25 да 33 гадоў.

Пасля пажару другога мая ў адэскім Доме прафсаюзаў пайшоў вал добраахвотнікаў. Калідоры былі забітыя людзьмі. Прыходзілі нейкія шахцёрскія дружыны.

Прайшоў рэферэндум — усё распаўзліся. Цяпер там засталася адна моладзь. Нават у суботу і нядзелю, калі, здавалася б, павінна быць шмат людзей, там іх дзясятак, два дзесяткі. Да сотні максімум, калі праходзіць мітынг.

Калі паглядзець на самаарганізацыю еўрамайданаўцаў, то мы бачым, што яны здольныя ствараць нейкія структуры, арганізоўваць побыт, узаемадзейнічаць. Сепаратысты здольныя толькі на імпульс, які хутка згасае.

І вельмі яркі факт. Сепаратысты, якія кажуць, што дойдуць да польскай мяжы, адыходзяць на 100 метраў ад аблдзяржадміністрацыі — і здымаюць георгіеўскую стужачку. Я бачыў гэта асабіста. І калі перапытаў у адной дзяўчыны, чаму так, яна адказала: «А ты не разумееш, колькі тут фашыстаў?»

— А чаму тады да гэтага часу не вызвалена аблдзяржадміністрацыя?

— Таму што яны з аўтаматамі. Там вельмі шмат зброі. Я бачыў аўтаматы Калашнікава, я бачыў супрацьтанкавыя гранатамёты і прадметы, падобныя на супрацьтанкавыя міны.

— У прэсе пісалі, што ў Данецкай АДА ці ледзь не ў кожным кабінеце палонны. Гэта так?

— Так, я чуў крыкі, чуў як па калідорах кагосьці цягнулі. Там можна стаяць пад будынкам і назіраць, як вядуць людзей з заламанымі рукамі, абматанымі анучай галовамі. І так кожны дзень. У лепшым выпадку гэтых людзей прымушаюць мыць прыбіральні, у горшым — іх катуюць.

Мяне катавалі ў рэдакцыі газеты «Жыццё». У іх там ёсць рэдакцыя нейкая і там мяне катавалі. Потым пасля допыту прыйшлі расейскія журналісты, начапілі на сцяну сцяг і сказалі, мне гаварыць на камеру, што я ў Славянску. І прамаўляць тэкст, які яны мне напісалі.

— Як людзі ў захопленай аблдзяржадміністрацыі ставяцца да Ахметава?

— Дрэнна. Казалі, што ён звальняе з шахт за ўдзел у мітынгах. І Партыю рэгіёнаў таксама ненавідзяць разам з Царовым.

— Як выглядае месца пратэсту, намётавы гарадок?

— Намётавы гарадок — гэта гучна сказана. Стаціь два ці тры намёты.

Ёсць сцэна, але яна ўвесь час пустая. Не так, як на Майдане, дзе кожны хацеў выйсці на сцэну і нешта сказаць. Там альбо грае «Вставай, страна огромная», альбо выходзіць якая-небудзь бабулька, якая чытае свае вершы, альбо дзядок, які распавядае, як ён хоча Ляшко горла перагрызці. Альбо круцяць рэпартажы і навіны канала «Расія 24».

Асабліва ў іх была папулярная песня з такімі словамі: «Война с народом – это зло. Майдан заткнет свое хайло». А яшчэ ў іх ёсць свая «Нябесная гвардыя» і лозунгі «Слава Расіі — Данбасу слава!».

Сама па сабе Данецкая аблдзяржадміністрацыя разгромлена. Адтуль выцягнулі ўсё, што толькі можна.

— Як ты змог вызваліцца з палону?

— Сам бы я не змог выбрацца. Мяне б злавілі і забілі б, таму я сядзеў проста чакаў. А ўчора каля трох гадзін дня прыйшоў чалавек і сказаў, што ты павінен паесці і памыцца. Цябе зараз будуць абменьваць. Праз тры гадзіны за мной прыйшоў чалавек у цывільным. Ён правёў мяне да машыны. Мы паехалі некуды, як аказалася, у Данецкі аэрапорт. Там было шмат людзей, сярод якіх я пазнаў Віктара Медведчука і Нестара Шуфрыча. Я падышоў да Медведчука і спытаў — навошта вам гэта трэба, навошта вы мяне вызвалілі? Ён адказаў, што гэта яго пазіцыя — дапамагаць людзям, якія трапілі ў бяду.

— Які твой прагноз развіцця падзей?

— Сепаратыстаў можна спакойна даціснуць. Калі не даваць ім магчымасці для такога ўсплёску, як у Адэсе. Яны дэмаралізаваныя, не ведаюць, што рабіць. І не бачаць ніякага выніку. Данецкай народнай рэспублікі, за якую яны жывуць надгаладзь і паміраюць, акрамя як у Данецкай АДА няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?