7 лістапада тры гадзіны курсіраваў па Магілёве тралейбус імя Цішкі Гартнага. Гэтак адзначыла гарадзкая суполка Таварыства беларускай мовы 120‑годзьдзе беларускага пісьменьніка, першага старшыні савецкага ўраду Беларусі Зьмітра Жылуновіча. Сёлета ўлетку гэткім жа чынам адзначылі 125‑годзьдзе Янкі Купалы.

«Дарагія магілёўцы, таварыства Беларускай мовы імя Францыска Скарыны віншуе Вас зь днём народзінаў пісьменьніка і палітычнага дзеяча Цішкі Гартнага. Тралейбус рушыць у гонар гэтага сьвята бясплатна!» — з такой абвесткі пачаў свой маршрут тралейбус імя Цішкі Гартнага з бартавым нумарам 318. За тры гадзіны ён праехаў па асноўным вуліцам Магілёву.

Чаму менавіта 7 лістапада вырашылі адзначыць актывісты суполкі юбілей Зьмітра Жылуновіча? Тлумачыць кіраўнік магілёўскага ТБМ Алег Дзячкоў:

«Цішка Гартны — гэта адзін з тых людзей, якія рабілі рэвалюцыю на Беларусі. Адзін са стваральнікаў беларускай савецкай дзяржавы. Сымбалічна і тое, што гэта дзяржава яго, Цішку Гартнага, стваральніка гэтай савецкай краіны, і зьнішчыла».

Усе тры гадзіны актывісты суполкі раздавалі пасажырам буклеты ды распавядалі пра Цішку Гартнага. На борце тралейбуса красаваўся партрэт пісьменьніка.

Якія ўражаньні выклікала акцыя ў людзей?

«Дужа прыемна, што ўсё‑такі ўзгадваюць нашых беларускіх пісьменьнікаў. Такім чынам да гэтага далучаюць моладзь. Дужа цікава.

Я лічу, што гэта насамрэч незвычайны спосаб. Я ўпершыню сустракаю, каб ня толькі ў Магілёве, але наагул ня чула, каб нехта пускаў тралейбус, прысьвечанаму такому сьвяту. Мне здаецца, гэта здорава.

Колькі мы былі ў Пячэрскім лесапарку, і ніхто ніколі нам не сказаў, што там магіла Цішкі Гартнага. Гэта, ведаеце, неяк тут унутры блага».

Цішка Гартны скончыў жыцьцё самагубствам у магілёўскай вар’ятні, якая месьціцца ў Пячэрскім лесапарку Магілёва. Сымбалічнае месца пахаваньня пісьменьніка знайшоў пры канцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя кіраўнік магілёўскай суполкі «Мартыралёгу Беларусі» Валянцін Ермаловіч. Вось аповед адной пасажыркі:

«Калі яшчэ быў жывы спадар Ермаловіч, я разам са сваімі сябрамі, а потым і паплечнікамі ўдзельнічала ў пошуках магілы ў Пячэрскім лесапарку. Усё, што мы рабілі калісьці, вярнулася сёньняшнім днём».

Сваімі ўражаньнямі пра незвычайную паездку падзяліўся і кіроўца тралейбусу спадар Уладзімер:

«Акцыя, канечне, незвычайная: упершыню такое адбываецца. Пасажырам таксама гэта незвычайна бачыць. Прыбраны тралейбус, людзі ў тралейбусе, якія чытаюць вершы, дораць памятныя паштоўкі. Паболей было б такіх акцыяў для насельніцтва, каб ведалі сваіх нацыянальных герояў, сваіх паэтаў пісьменьнікаў».

Правесьці акцыю дапамагалі і дзьве дзяўчынкі Насьця ды Ірына. Яны чыталі пасажырам верш Цішкі Гартнага «Роднай краіне». Яго пісьменьнік напісаў ў Магілёве ў 1910 годзе, калі працаваў тут гарбаром:

    «Я люблю гэты вобраз краіны,
    Дзе відаць на абшары кругом
    Курганы, і пустыя раўніны,
    І балоты зарослыя мхом…
    Я люблю гэты вобраз бясконца,
    Тыя вёскі, балоты гаі,
    Бо радзіўся я ў гэтай старонцы
    І памру мо ў гэтай зямлі»

Вынікі акцыі падсумаваў Алег Дзячкоў:

«Мяне ўразіла, што палова людзей ведаюць пра Цішку Гартнага. Ведаюць, што ягоны лёс неяк зьвязаны з Магілёвам. Праўда, якім чынам — ня ведаюць. Некаторыя памятаюць, што ён пахаваны ў Магілёве.

Людзей акцыя крыху зьдзіўляла. Калі яны бачаць такую грамадзкую ініцыятыву, то ўспрымаюць яе так, што гэта абавязкова ініцыятыва з боку дзяржавы і прадзяржаўных структураў. Адна жанчына сказала, што нам заплацілі: Вы, маўляў, БРСМ, і нават школьнікаў забявазалі ўзяць у сьвяце ўдзел».

Тралейбус імя Цішкі Гартнага ня першы ў Магілёве. Сёлета ўлетку актывісты суполкі ТБМ гэтак жа адзначылі юбілей Янкі Купалы. За тры гадзіны паездкі Алег Дзячкоў заплаціў тралейбуснаму парку семдзесят тысяч рублёў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0