Палітычная ўцякачка зь Беларусі Вольга Класкоўская трапіла сёньня ўначы ў адзін са шпіталяў на поўначы Варшавы з нажавым раненьнем. Ёй была аказаная неабходная мэдычная дапамога, пасьля чаго Класкоўская самастойна пакінула шпіталь.

Дадзеную інфармацыю пацьвердзілі ў прэс‑службе варшаўскай паліцыі. Як паведаміла «Польскаму радыё» супрацоўніца прэс‑службы, грамадзянка Беларусі трапіла ў шпіталь з нажавым раненьнем ў раёне пляча. Абставіны здарэньня невядомыя.

Пра здарэньне жанчына паінфармавала знаёмых у смс‑паведамленьні. Скантактавацца з самой Вольгай Класкоўскай нам не ўдалося.

Польскае радыё для замежжа

Нагадаем, што 6 лістапада ў Варшаве польская паліцыя затрымала былога мужа палітычнай уцякачкі зь Беларусі Вольгі Класкоўскай. Затрыманьне адбылося ў будынку раённага суду «Варшава-Жалібаж» а 13-й гадзіне мясцовага часу.

Мужчына прыехаў зь Менску ў Варшаву на судовае паседжаньне ў справе запыту беларускага боку аб выдачы яму шасьцігадовай дачкі Міраславы. Паводле непацьверджанай інфармацыі, мужчыну затрымалі ў сувязі з абвінавачаньнем у крадзяжы дзяўчынкі, якая ў Польшчы знаходзіцца пад абаронай Жэнэўскай Канвэнцыі.

Паліцыя ды суд пакуль ня хочуць выказвацца ў гэтай справе.

Муж і жонка вядуць спрэчку аб тым, з кім мае быць дзіця. Жонка, якая атрымала статус палітычнай уцякачкі зь Беларусі, цьвердзіць, што мужа падтрымліваюць лукашэнкаўскія структуры.

Буг

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0