«Гісторыйкі» Міхаіла Валодзіна не ёсць адной, на нас усіх, праўдаю. Ягоная кніга тчэцца з розных праўдаў. У прадмове аўтар папярэджвае, што ў аповедах «рэчаіснасць мірна суседнічае з фантазіяй, а дакументы — з чуткамі. У іх горад паўстае такім, якім мы яго раней не ведалі… Гэта расповеды пра Мінск і мінчукоў».

Як гэта няпроста і адказна — расказаць пра родны горад.

Не пра родны дом, не пра пахі і гукі вуліцы дзяцінства, што жывуць столькі ў тваім сэрцы, колькі памятаеш сябе, а пра цэлы горад. Пра горад, чыя гісторыя змясціла ў сабе столькі лёсаў і столькі па­дзей, што іх не ахопіць паасобная памяць!

Я з вялікай ахвотаю і шырокай усмешкаю пачытаў, напрыклад, як гасціў у нашай сталіцы таварыш Жамсарайгійын Самбу, старшыня Вялікага хурала Манголіі, і пра бурны мінскі раман польскага Сталіна — Баляслава Берута, чыё імя ўвекавечылі ў назве вуліцы.

Міхаіл Валодзін параўноўвае Мінск канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя са старажытным Вавілонам, у гуце якога пераплаўляліся мовы і плямёны ў нешта новае, дагэтуль нязнанае.

Такіх вавілонаў і вавілончыкаў было багата між Балтыкай і Адрыятыкай, але толькі Мінску наканавана было вырасці ў сотні разоў, да двух мільёнаў людзей, апярэдзіўшы большасць сталіцаў Еўропы! Чаму так сталася? Частку адказаў мы знойдзем акурат у гэтай кніжцы.

Першыя нарысы Міхаіла Валодзіна, названыя самім аўтарам як «гісторыйкі», пабачылі свет у мінулым стагоддзі, у газеце «Имя», затым некаторыя з’явіліся ў альманаху «Монолог». Колькасць непазбежна перарастала ў якасць, усё больш людзей рэфлексавала на гэтыя аповеды, захаплялася, спрачалася, спрычынялася да ягонае працы. Сёння «Минские историйки» — брэнд, з якім Міхаіл Валодзін працуе несупынна.

Якія вынайсці словы, каб, дачытаўшы гэтую кнігу, чытач і сам паверыў табе і падзяліў з табою тваю, такую чалавечную, неаб’ектыўнасць захопленасці? «Прогулки по городу…» складаюцца з чатырох частак-­шпацыраў.

Аўтар запрашае нас зрабіць няспешны агляд нават і таго, чаго ўжо не ўбачыць ніхто. Кожны з маршрутаў мае ўласную схему­ілюстрацыю, на якой пазначаны самыя істотныя, на думку аўтара, месцы і месцейкі. Старыя фота тут суседзяць з вясёлымі малюнкамі Сяргея Стальмашонка і жартаўлівымі каментарамі. Да прыкладу — партрэт мала знанай у нас імператрыцы­зямлячкі Кацярыны І з забаўнымі сюжэтамі абапал: імператрыца надае фельдмаршальскае жазло Яну Казіміру Сапегу ды надае брату свайму, рамізніку Калу Скаўронскаму, дваранскую годнасць. А вось тут ляжыць павалены стодзіў Сталіна, а тут — кот уважліва чытае аповесць Пушкіна пра Дуброўскага…

Аўтар аб’яднаў у суцэльны тэкст дакументальныя і легендарныя мінскія апавяданні, стварыўшы незвычайны даведнік па горадзе. У адной пярэстай кнізе знайшліся адначасна і гід, і зборнік гарадскіх анекдотаў, і міфалагічны даведнік, і аўтарскія эсэ. У выніку паўстае нешта ў жанры (дазволю сабе кулінарную тэрміналогію) nouvelle cousine — змяшэнне ведамага з незнаёмым, трагічнага з камічным, рэчаіснага з уяўным.

Аўтар цвёрда трымаецца маршрутаў самага ядра Мінска, вакол якога круціцца галактыка імёнаў — ад імператараў і генсекаў да паэтаў, матэматыкаў і літаратараў з сусветнымі імёнамі.

Па мінскіх вуліцах пад руку з чытачамі будуць хадзіць Мальер з Вальтэрам, Манюшка з Дуніным­-Марцінкевічам, Купала з Коласам. Тут вам Пушкін і Эйнштэйн, Дастаеўскі і Талстой, Освальд і Кастра. Вашымі спадарожнікамі будуць габрэі і італьянцы, палякі і расейцы, немцы і французы, нат манголы з кітайцамі. Насамрэч Вавілон!

Дзякуючы творчасці мастака­дызайнера Стальмашонка і вясёлым карцінам Ігара Рымашэўскага, што аздобілі вокладку, мы маем рэдкі, па цяперашніх часах, прыклад высокай кніжнай мастацкай культуры.

Кніга — накладам 5000 экзэмпляраў — двухмоўная, па­-расейску і па-­англійску. Аўтар спадзяецца выдаць іншую моўную версію кнігі: на беларускай і нямецкай мовах. І менавіта дзякуючы гэтай, а не якой іншай кнізе, уяўленне пра горад складзецца ў найшырэйшай аўдыторыі.

Чым кніга важная? Мінск ад 1930-­х аж да 1980-­х амаль цалкам выпаў з уласна беларускага нацыянальнага дыскурсу. Толькі ў апошнія савецкія гады пачалася пераацэнка, напрыклад, даваеннай архітэктурнай спадчыны.

Цяпер і Іосіф Лангбард, стаўшы перснажам Ігара Бабкова і героем ужо некалькіх фільмаў, у нашым культурным пантэоне займае месца недзе побач з Маркам Шагалам. Мы раслі ў горадзе, які рос разам з намі. А сёння большая частка Мінска — ужо помнікі архітэктуры ці прыклады будаўніцтва мінулага стагоддзя! Толькі зараз мы пачынаем шанаваць гэтую прастору, даражыць ёю і бараніць яе. Архітэктары і інжынеры, скульптары і мастакі, чыноўнікі і будаўнікі, якія стварылі наш горад у сярэдзіне мінулага стагоддзя, ужо не з намі. Пераасэнсаваць іх ролю ў нашай культуры, вызначыць іх месца ў гісторыі беларускай сталіцы яшчэ належыць. І ў гэтым сэнсе кніга Валодзіна запрашае да вялікай размовы.

Мы, у сваім посткаланіяльным дыскурсе, не бралі за клопат ацаніць ролю ў лёсе нашае сталіцы такіх персанажаў, як Захар Карнееў або Фёдар фон Берг. У савецкай літаратуры роля яўрэяў і татараў, палякаў і расейцаў у гісторыі Мінска з­за палітычных меркаванняў замоўчвалася. Але мы тым самым бясконца збяднілі сябе. Дзіва што без «чужых» уплываў нашая гарадская гісторыя выходзіць аднаколернай і нецікавай.

Кніга Міхаіла Валодзіна прапануе нам па­новаму пабачыць той свет, палюбіць яго, зразумець ва ўсёй дыялектычнай непадзельнасці і шматаблічнасці як адно цэлае — Мінск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?