У інтэрв'ю Ксеніі Сабчак для тэлеканала «Дождж» Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна падзей ва Украіне.

Сабчак адразу спыталася, ці лічыць кіраўнік Беларусі ўзброеных людзей у Данецку і Луганску сепаратыстамі.

«З пункту гледжання права рэферэндумы аб федэралізацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны не маюць ніякага значэння. Я не кажу, у якіх умовах праводзіўся рэферэндум… Любы рэферэндум павінен праводзіцца на падставе канстытуцыі.

Вельмі многа наламалі дроваў ва Украіне. Я ведаю сітуацыю ва Украіне лепш, чым многія ў Расіі. У мяне ёсць людзі, што звоняць у Данецк і Луганск простым грамадзянам — людзей там адурманілі.

Пуцін мае рацыю, што трэба пагаварыць з так званымі сепаратыстамі».

А хто павінен гаварыць? — спыталася Сабчак.

«Гаварыць павінна ўкраінская ўлада, а не Пуцін. Хто Пуціна прыме там, гэта чужая краіна.

Пакуль ва Украіне не будзе нацыянальнага лідара — там будзе бардак.

Можна казаць «сепаратысты», «фашысты», але нічога ад гэтага не зменіцца». Назваць гэтых людзей «сепаратыстамі» Лукашэнка так і не адважыўся.

«Я за Украіну як адзіную цэльную дзяржаву, нашу Украіну, славянскую.

Пуцін добра ведае, што я супраць федэралізацыі. Я публічна заўляў, што за адзіную і цэльную краіну.

Не будзе ўкраінскага сцэнару ў Беларусі, пакуль я прэзідэнт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0