У чацвер 22 мая ў Мінску адкрыліся новыя бясплатныя курсы беларускай мовы «Моваведа». Арганізуе і вядзе «Моваведу» філолаг Аляксей Шэін.

Бясплатныя курсы беларускай мовы «Моваведа» распачаліся ў Мінску. 

Бясплатныя курсы беларускай мовы «Моваведа» распачаліся ў Мінску. 

«Гэтыя курсы, насамрэч, былі першыя бясплатныя курсы беларускай мовы ў краіне. Мы пачалі ў 2008 годзе цягам пяці гадоў правялі 6 сезонаў курсаў. Гэта былі кароткія курсы, па тры месяцы. Потым курсы сышлі ў адпачынак, аднак за гэты час з'явіліся «Мова ці кава» і «Мова нанова».

Цяпер «Моваведа» вяртаецца ў іншым фармаце. Цяпер мы плануем весці заняткі цягам года», — паведаміў Шэін.

Усім ахвотным не хапіла крэслаў у зале. 

Усім ахвотным не хапіла крэслаў у зале. 

«Моваведу» ладзяць у канферэнц-зале бізнэс-цэнтра «Велеа» на вуліцы Францішка Скарыны. Да «Велеа» не зусім зручна дабірацца і многія проста заблукалі — Шэін асабіста выхозіў сустракаць народ і паказваць шлях да цэнтра. Аднак нягледзячы на гэта прыйшло каля 80 чалавак. Нават арганізатары не чакалі такога натоўпу. Не ўсім хапіла крэслаў, таму некаторыя стаялі ці сядзелі на падлозе.

Аляксей Шэін.

Аляксей Шэін.

«Галоўная задача «Моваведы» — вывесці мову з пасіву ў актыў. Нейкія беларусы кажуць, што не ведаюць беларускай мовы, але гэта не так. Мой сябар, каталіцкі святар з Мёраў, горада, дзе ўсе размаўляюць па-беларуску, перадаваў мне словы сваёй бабулі. Тая казала, што беларуская мова вельмі падобная на расійскую. Напрыклад, па беларуску кажаш «я пайшоў у краму па цукар». А па-расійску «я пошел у краму па цукар».

Таму бачыце, абсалютна нічога складанага ў пераходзе на беларускую няма. Сярэдняму чалавеку патрабуецца каля трох месяцаў, каб пачаць бачыць сны па-беларуску. А гэта ўжо беларускамоўнасць, бо ў сне вы не можаце кантраляваць сябе», — сказаў Шэін.

На «Моваведу» прыйшлі людзі розных узростаў і заняткаў: студэнты, прадпрымальнікі, эканамісты, праграмісты, пенсіянеры. Самым маладым удзельнікам быў 11-гадовы хлопчык Антон. Занятак наведаў і сірыец Мухамад, які вучыцца ў медуніверсітэце на фармаколага.

Госцем вечара стаў акцёр Тэатра імя Янкі Купалы Павал Харланчук, які матываваў вывучаць беларускую мову кранальнымі гісторыямі з асабістага жыцця:

Павал Харланчук. 

Павал Харланчук. 

«Дома мая сям'я гаворыць па-беларуску. Але і ў мяне быў свой шлях да мовы. Большую частку жыцця мяне акружалі расійскамоўнае асяроддзе. Гадаваўся я ў Гомелі, дзе ўсё па-расійску, мая маці і бабуля ёсць выкладчыцамі расійскай мовы і літаратуры. Мая жонка — з расійскага Мурманска.

На «Моваведу» прыйшлі не толькі беларусы. На фота: Мухамад, студэнт БДМУ з Сірыі. 

На «Моваведу» прыйшлі не толькі беларусы. На фота: Мухамад, студэнт БДМУ з Сірыі. 

Я і сам быў адным з тых, хто думаў, што беларуская мова калгасная, не разумеў, навошта яе вучыць. Аднак я заўсёды заўзею за аўтсайдэраў, такая мая натура. Таму я стаў думаць чаму беларуская мова ёсць аўтсайдэрам у Беларусі? Паглыбіўся ў гісторыю і зразумеў, наколькі гэта наша, роднае.

І я стаў размаўляць па-беларуску. Памятаю, калі даў першае інтэрв'ю па-беларуску. Вельмі саромеўся, бо пастаянна пэкаў-мэкаў… І тады мой сваяк пазваніў мне і спытаў здзіўлена: «А адкуль ты ведаеш беларускую мову?» Па-расійску, вядома. спытаў.

Самы малады ўдзельнік «Моваведы» — 11-гадовы Антон. 

Самы малады ўдзельнік «Моваведы» — 11-гадовы Антон. 

Я дагэтуль не магу зразумець, адкуль такое грэблівае стаўленне да беларускай мовы як да нейкай калгаснай ці другаякаснай. У школе гэтага не кажуць… Каго не пытаў — ніхто не ведае, але стаўленне ёсць.

Расійскія бабулі нашых дзяцей, напрыклад, неяк падазрона ставяцца да таго, што мы вучым дзяцей беларускай, размаўляем з імі па-беларуску. Чамусьці гэта ўспрымаецца як нейкая здрада, калі мы тут, у Беларусі, гаворым па-беларуску.

Увогуле, я не супраць чагосьці, я за. Я за расійскую мову і іншыя мовы. Трэба ведаць мовы сваіх суседзяў, але пакуль яны не замяшчаюць сваё, каб не згубіць гэта сваё».

Пасля выступу Харланчука пачаўся інфармацыйны блок — правілы вітання і звароту па-беларуску. На наступных занятках Шэін паабяцаў больш інтэрактыву: абмеркаванні, дэбаты і шмат моўнай практыкі.

Курсы «Моваведа» праходзяць шточацвер у канферэнц-зале цэнтра «Велеа» па адрасе: вул. Францыска Скарыны, 12. Пачатак а 19-й. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?