Дзядок з Ольгінкі, які задуменна касіў траву каля сваёй хаты, нечакана прывітаўся: «Слава Украіне!» На пытанне, хто ж атакаваў украінскіх вайскоўцаў, ён адказаў вельмі проста: «Злодзеі, разбойнікі і забойцы, хто яшчэ».

Шахцёр Андрэй у электрычцы Калі мы пад'язджалі да месца пабоішча пад Валнавахай у душным і траскім аўтобусе, вадзіцель на ўсю гучнасць уключыў «Радыё Данецкай Народнай Рэспублікі», якое рэтранслюе расійскую радыёстанцыю «Вести FM». Стомленыя ад задухі і трасяніны людзі пагойдваліся, усмоктваючы навіны без супраціву розума. Радыё расказвала пра уйгурскіх сепаратыстаў, якія замахваюцца на цэласнасць Кітаю і падрываюць стабільнасць, таму ім трэба даць жорсткі адлуп, што падтрымлівае і Расійская Федэрацыя. І адразу ж — пра мірных жыхароў Данбасу, якія пакутуюць ад кіеўскіх карнікаў з-за таго, што проста хочуць па сваёй волі пажыць. Прычым кіеўскія карнікі, маўляў, азвярэлі да такой ступені, што пачалі расстрэльваць салдатаў, якія адмаўляюцца страляць у мірных жыхароў. Менавіта гэта, паводле расійскага радыё, і адбылося каля пасёлку Благадатнае Валнавахскага раёну. Версія аказалася прывабнай для мясцовых жыхароў, многія паўтаралі яе на розныя лады, хаця нічым не маглі падмацаваць. Нічога не ведаю, але так было, таму што так было, а як іначай. У-у-у, бандэраўцы, у-у-у..! Дзве жанчыны ў валнавахскім шпіталі нават патрабавалі ад нас, каб мы даведаліся, ці сапраўды параненых перавезлі самалётам у Днепрапятроўск і Харкаў. Бо тут засталося толькі двое хлопцаў. А за астатніх яны нібыта баяліся, што «іх завязуць куды-небудзь і даб'юць».

У пасёлку Ольгінка ў гістэрыцы нецвярозая жанчына накінулася на французскага фатографа Антуана: «Зараз забяру тваю камеру і разаб'ю! У мяне ў самой тут да халеры камераў. (Паказвае абедзвюма рукамі на пахвіну). Што ты мычыш, не прыкідвайся, усё ты разумееш. Зараз дачку сваю паклічу, яна на розных мовах гаворыць, выведзе цябе на чыстую ваду. Чаго ты сюды прыехаў? Усё роўна праўды не раскажаш». Калі яна ўчапілася за камеру і спрабавала яе вырваць, а француз пачаў адпіхвацца, да канфлікту далучыўся нецвярозы маладзён: «Э-э-э, ты рукі прыбяры! Не хочаш з ёй паразмаўляць? А чаму ты не хочаш паразмаўляць, га?! Ты паразмаўляй!» Падышоў павучыць нас журналісцкай працы мужчына сярэдніх гадоў. Маўляў, трэба пісаць так, як трэба. — Не, — кажу, —трэба пісаць праўду. — Праўду? Ну, тады глядзіце <…> украінскія каналы!

Украінскія медыя, вядома, небездакорныя, ім можна прад'явіць шмат прэтэнзіяў, але яны істотна адрозніваюцца ад расійскіх тым, што не распальваюць грамадзянскую вайну.

Апошнім часам я канчаткова пераканаўся ў тым, што расійскія СМІ адыгралі ключавую ролю ў распальванні вайны на Данбасе. Зрэшты, не ўсе мясцовыя паддаюцца прапагандзе. Вось вам культуралагічны факт — чым большы складнік украінскай мовы ў гаворцы мясцовага жыхара, тым менш ён схільны верыць у расійскую версію падзеяў. А тут я шмат ад каго пачуў прызабытую за час перабывання на Данбасе ўкраінскую мову.

Дзядок з пасёлку Ольгінка, які задуменна касіў траву каля сваёй хаты, зусім нечакана прывітаўся: «Слава Украіне!» На пытанне, хто ж атакаваў украінскіх вайскоўцаў, ён адказаў вельмі проста: «Злодзеі, разбойнікі і забойцы, хто ж яшчэ».

Калі мы сюды дабраліся, паміж Ольгінкай і Благадатным ужо стаяў вельмі сур'ёзны блокпост, з бетоннымі блокамі, цяжкай тэхнікай, пільнымі вайскоўцамі. Ад мяне з калегамі запатрабавалі спыніцца метраў за сто да яго, сказалі, каб бліжэй падыйшоў толькі адзін, некалькі разоў папрасілі павярнуцца. І ўрэшце паведамілі, што далей прапусціць не могуць, прабачце за нязручнасці, вайна тут у нас. Наш стары знаёмы, Саша, камандзір роты снайпераў, у чыім намёце мы калісці пераначавалі каля Марыупаля, а цяпер сустрэлі яго ў гэтых краях, сказаў, што адной з галоўных прычынаў трагедыі ў Валнавасе стала гарэлка.

Пазней яго версію пацвердзіў відавочца падзеяў, мясцовы жыхар, шахцёр Андрэй. Яго мы сустрэлі ў начной электрычцы на Данецк. Мужчына ішоў за кантралёркамі, збіраючы ў пакет смецце. Спачатку мы падумалі, што ён такім чынам расплачваецца за безбілетны праезд. Але калі Андрэй падсеў да нас, ён патлумачыў, што робіць гэта з-за прыгажосці кантралёрак, якія не павінны займацца такой бруднай справай. У якасці доказу сваіх словаў Андрэй прад'явіў айфон з фотаздымкамі жонкі, якая адпачывае ў Турцыі, тугі кашалёк і квіток да Данецку.

Андрэй беларус па бацьку, і ў ягоным характаре пераважалі беларускія рысы — памяркоўнасць і незласлівасць. Хаця ён аказаўся прыхільнікам ДНР, разважаў цалкам спакойна і разумна. Між іншым, казаў, што вельмі любіць Украіну, якую аб'ехаў ад Крыма да Львова. У заходніх абласцях жывуць цудоўныя людзі, дарэмна ўсходнікаў сутыкаюць ілбамі з імі. Крытыкаваў Януковіча і гоп-кампанію за тое ж, за што яго крытыкавалі на Майдане. І пра неабходнасць пераменаў казаў прыкладна тое ж самае. Не пляваўся словамі кшталту «бандэраўцы», «фашысты», «хунта». Дасціпна жартаваў. Вельмі цешыўшся, што давялося ехаць у кампаніі замежнікаў, спрабаваў вывучыць пару фразаў з англійскай мовы. І можна было б назваць яго вельмі пазітыўным чалавекам, падзякаваць за тое, што дапамог прабавіць час. Але размова дайшла да пабоішча пад Валнавахай. Як выявілася, Андрэй быў яго сведкам…

«Вядома, нашы забівалі, сепаратысты, як вы нас называеце. Закідалі намёт гранатамі, падпалілі БТР. Чыста спрацавалі, за пяць хвілінаў… Ім дзеўкі з нашай вёскі напярэдадні гарэлкі прынеслі, закускі, шуры-муры. Дык яны ўранку спалі ўсе мярцьвячым сном, ха-ха!», —

расказаў гэты мілы чалавек. Я часта заўважаў, што з-пад беларускай памяркоўнасці тырчаць іклы, але каб настолькі відавочна і жудасна — упершыню. Толькі ці ягоныя гэтыя іклы? Ён неяк прагаварыўся, што гэта менавіта жонка, фотаздымкамі якой ён хваліўся, сімпатызуе ДНР, яна яго і навучыла. Але яна, маўляў, сцерва. Зрэшты, валіць віну на жонку — вядомы хітрык яшчэ з часоў Адама і Евы. Хутчэй за ўсё, тыя іклы выраслі пад уздзеяннем расійскага тэлебачання. Якое напружана над гэтым працуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?