Беларусь просіць з 2015 года павялічыць штогадовыя аб'ёмы паставак расійскай нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы рэспублікі да 24 мільёнаў тон з цяперашніх 23 мільёнаў, Расія не супраць, паведаміў міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак журналістам у кулуарах Санкт-Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму.

«Вядома, у рамках нейкага адзінага эканамічнага саюза мы не пярэчым, каб загружаць гэтыя заводы», - цытуе Новака РІА Навіны.

Пры гэтым міністр адзначыў, што павелічэнне паставак будзе залежаць ад фізічнай магчымасці краіны павялічыць нафтаперапрацоўку.

«Павелічэнне аб'ёмаў паставак залежыць ад магчымасці перапрацоўкі Беларусі. На сённяшні дзень там магчымасці — максімум 23 мільёны тон. Беларускі бок заяўляе больш з улікам таго, што там праводзіцца мадэрнізацыя і будуць павялічаны фізічныя магчымасці перапрацоўкі на адзін мільён тон на двух заводах сумарна», — дадаў Новак.

Гаворка ідзе аб аб'ёме бяспошлінных паставак расійскай нафты ў Беларусь, на 2014 год падпісаны баланс у 23 мільёны тон. У цяперашні час Мінск пералічвае ў бюджэт РФ усе мыты з экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты. У часе перамоваў аб заключэнні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе была дасягнутая дамоўленасць, што пачынаючы з 2015 года Расіі будзе пералічвацца толькі палова пошлін ад экспарту нафтапрадуктаў.

8 мая ў Маскве адбылася нефармальная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. На наступны дзень Лукашэнка заявіў журналістам: Расея гатовая пайсці на саступкі Беларусі ў частцы размеркавання вывазных мытаў на нафтапрадукты, у прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб паэтапнай адмене пералічэнняў у расійскі бюджэт экспартных мытаў на нафтапрадукты. «Мы паступова будзем іх здымаць. У наступным годзе прыкладна палова застаецца ў Беларусі, а з 2016 года, я мяркую, мы вырашым і другую частку. Прыкладна паўтара мільярда даляраў у наступным годзе застанецца ў бюджэце Беларусі», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?