25 мая — асноўны дзень галасавання на выбарах у Еўрапейскі парламент. 

Жыхарам краін Еўрасаюза трэба выбраць 751 парламентарыя на найбліжэйшыя пяць гадоў. Выбары доўжацца ўжо некалькі дзён. 22 мая прагаласавалі грамадзяне Вялікабрытаніі і Нідэрландаў, 23-га — Чэхіі і Ірландыі, 24-га — Італіі, Літвы, Славакіі і Мальты. Сёння галасаванне праходзіць у астатніх 20 краінах Еўрасаюза. 

Месцы ў парламенце ЕС размяркоўваюцца ў залежнасці ад колькасці насельніцтва той ці іншай краіны. Больш за ўсё мандатаў — 96 — у Германіі, у той час як Эстонія, Люксембург, Мальта і Кіпр павінны выбраць толькі па шэсць дэпутатаў. Лозунг выбарчай кампаніі: «Гэтым разам усё будзе па-іншаму!» Яе асаблівасць у тым, што вынік выбараў наўпрост паўплывае на выбранне ў ліпені новага старшыні Еўракамісіі — органа кіравання ЕС. Кандыдат на гэтую пасаду, вылучаны партыйным аб`яднаннем у Еўрапарламенце, павінен будзе атрымаць ухвалу большасці дэпутатаў новага Еўрапарламента. Найбольш верагоднымі прэтэндэнтамі на пасаду кіраўніка Еўракамісіі лічацца Жан-Клод Юнкер (кандыдат ад кансерватараў) і сацыял-дэмакрат Марцін Шульц. 

Паводле прагнозаў многіх экспертаў, на гэтых выбарах большасць жыхароў Еўрасаюза аддадуць свае галасы за гэтак званых еўраскептыкаў — прадстаўнікоў крайне правых і левых партый. У Нідэрландах пасля закрыцця выбарчых участкаў былі апублікаваныя вынікі эксіт-полаў, згодна з якімі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў атрымалі леваліберальная партыя «Дэмакраты 66» і хрысціянска-дэмакратычная партыя «Хрысціянска-дэмакратычны заклік» (у абедзвюх партый прыблізна 15% галасоў). А еўраскептычная «Партыя свабоды» дзеліць трэцяе месца з правячай праваліберальнай «Народнай партыяй за свабоду і дэмакратыю» (менш за 13%). 

Вынікі выбараў у Еўрапарламент будуць аб`яўлены адначасова ў ноч з 25 на 26 мая. 

Еўрапарламент — заканадаўчы, прадстаўнічы орган Еўрапейскага саюза. У яго паўнамоцтвы ўваходзіць прыняцце законаў і бюджэту ЕС, а таксама кантроль за працай Еўракамісіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?