У сяле Андрэеўка пад Славянскам Данецкай вобласці загінулі італьянскі фотажурналіст Андзі Ракелі і яго перакладчык Андрэй Міронаў.
Пра гэта заявілі прадстаўнікі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» на старонцы ў Твітары.
Абодва яны сталі ахвярамі мінамётнага абстрэлу.
Акрамя таго, раненне атрымаў французскі фотажурналіст Вільям Раглон з агенцтва Wostok Press, паведамляе РІА «Навіны» са спасылкай на французскую газету Le Monde.
Па словах Раглона, у суботу ўвечары журналісты, Міронаў і іх кіроўца патрапілі пад мінамётны абстрэл.
Яны пакінулі машыну і залеглі ў кювеце. Упала ад 40 да 60 снарадаў, распавёў француз.
Адна з мін разарвалася проста ў кювеце. Раглон атрымаў аскепкавыя раненні ног. Яго спадарожнікі ляжалі без руху.
«Раглон пад агнём пабег да пазіцый сепаратыстаў, паказваючы сваю апаратуру і крычучы, што ён журналіст. Яго пасадзілі ў машыну і адправілі ў шпіталь, дзе аказалі медыцынскую дапамогу», — пішуць «Грани.ру».
Жыццё Раглона па-за небяспекай, перадае французская газета Parisien са спасылкай на заяву знешнепалітычнага ведамства Пятай рэспублікі.
Андзі Ракелі было 30 гадоў, ён удзельнік групы фотарэпарцёраў Cesuralab. Пра яго смерць піша і італьянскае агенцтва Ansa са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Пасольства Італіі ў Кіеве спрабуе праверыць інфармацыю аб тым, што адбылося з італьянскім фотарэпарцёрам і яго расійскім перакладчыкам пад Славянскам, паведамляе італьянскі МЗС. Прадстаўнікі італьянскага пасольства таксама высвятляюць лёс журналістаў, у тым ліку з дапамогай прадстаўнікоў АБСЕ.
Гэта першы выпадак гібелі журналістаў у вайне на Данбасе.
Андрэй Міронаў, па дадзеных «Граняў», — праваабаронца, супрацоўнік «Мемарыялу», былы савецкі палітвязень. Ён працаваў у Чачні, расследаваў прымяненне розных відаў зброі. Міронаў быў пастаянным удзельнікам пратэстных мітынгаў.