МЗС Украіны выказаў рашучы пратэст у сувязі з візітам расійскага прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева ў Крым 25 мая.
Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў.
«Такія дзеянні з боку афіцыйнай асобы РФ расцэньваем як грубае парушэнне Расіяй дзеючага заканадаўства Украіны, суверэнітэту нашай дзяржавы, нормаў міжнароднага права…», — гаворыцца ў заяве.
У МЗС адзначылі, што наведванне кіраўніком расійскага ўрада акупаванага Крыма ў дзень правядзення выбараў прэзідэнта Украіны — «адмысловая дзёрзкасць і свядомая правакацыя з боку Расіі, якая накіравана на дэстабілізацыю сітуацыі ў Украіне».
Гэта супярэчыць раней выказанай прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным зацікаўленасці, каб выбары ва Украіне прайшлі ў мірнай і спакойнай абстаноўцы, адзначылі ў ведамстве.
«У чарговы раз заклікаем расійскі бок паважаць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны, адмяніць незаконныя рашэнні аб анексіі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль, выконваць нормы міжнароднага права і двухбаковых дамоваў», — настойваюць у міністэрстве.
У МЗС таксама запатрабавалі ў кіраўніцтва Расіі спыніць аказанне падтрымкі экстрэмісцкім і тэрарыстычным групоўкам, якія з тэрыторыі РФ пранікаюць ва ўсходнія вобласці Украіны і сілай зброі і гвалтам спрабуюць перашкодзіць свабоднаму волевыяўленню ўкраінскага народа.
Як вядома, 25 мая прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў пачынае двухдзённую паездку ў акупаваны Крым.
Гэта ўжо другая паездка Мядзведзева на акупаваную тэрыторыю пасля псеўдарэферэндума, які адбыўся 16 сакавіка і наступнай акупацыі тэрыторыі паўвострава.