
Ва Украіне ўчастковыя выбарчыя камісіі скончылі падлік галасоў і перадалі звесткі ў акруговыя выбаркамы. Працягваецца апрацоўка галасоў. Пакуль дадзеныя падліку супадаюць са звесткамі экзіт-полаў. У першым туры перамагае кандытарскі магнат Пятро Парашэнка. Ён набірае каля 55%.
Як паведамляе ЦВК, ён сабраў большасць галасоў ва ўсіх рэгіёнах Украіны. Найбольш за яго галасавалі на Львоўшчыне (70%) і Вінніччыне (66%). У Луганскай вобласці ён набірае 33%, а ў Данецкай — 40%. Праўда, там галасаванне адбылося толькі прыкладна на траціне тэрыторыі.
Гэта першы ў гісторыі ўкраінскіх выбараў выпадак, калі ўсход і захад галасавалі амаль салідарна.
У 1991 годзе ў трох абласцях Галіччыны перамог кіраўнік Народнага руху Чарнавол, у астатніх абласцях — посткамуніст Краўчук.
У 1994 годзе на правым беразе Дняпра, акрамя Адэсы, Херсона і Мікалаева, перамог Краўчук, на левым — Кучма.
У 2004 годзе Юшчанка ўзяў усе вобласці, у якіх у 94-м узяў верх Краўчук, плюс левабярэжныя Чарнігаў, Палтаву і Сумы. У 2009 годзе Цімашэнка перамагла ў тых самых абласцях.
На ўчорашніх выбарах гістарычную паразу зазналі камуністы (усяго 1% галасоў) і Партыя рэгіёнаў (два кандыдаты выхадцы з яе сабралі ўсяго 8% галасоў). Гэта вынік акупацыі Крыма і большай паловы Данбаса. Без гэтых рэгіёнаў Украіна галасуе за праеўрапейскія нацыянальныя партыі.
Украінцы разглядалі выбары 25 мая як своеасаблівы адказ Пуціну: многія людзі прыйшлі на ўчасткі ў вышыванках. Наплыў людзей быў такі, што ў Кіеве не ўсе паспелі прагаласаваць.
Каментары