Альбо Паяданьне кагосьці кімсьці

Прайшлі Дзяды. Радыё падрабязна расказала пра талокі ды мітынгі ў Курапатах і іншых месцах, дзе пахаваныя ахвяры савецкага рэжыму. На ўсіх станцыях прайшлі гутаркі з дасьледчыкам рэпрэсіяў Мараковым. Асабліва падрабязная гутарка зь ім прайшла на Радыё Свабода. На яго хвалях штодня чытаюць мартыралёг ахвяраў. Гэта вельмі важная тэма. Толькі вось якая думка ў мяне ўзьнікла. Калі проста пералічваць колькасьць ахвяраў, дык ад гэтага можа быць і адваротны эфэкт. У слухача можа толькі павялічыцца роспач, здранцьвеньне, страх. Трэба, на мой погляд, побач зь пералікам ахвяраў (мартыралёгам) болей даваць аналітычных матэрыялаў. Чаму існаваў савецкі тэрор? Што можа рабіць сьвядомае грамадзтва з гэткай спадчынай?

Магу параўнаць з тым, як гэта робіць расейская служба Радыё Свабода. Там, напрыклад, штотыдзень гучыць перадача Ўладзімера Тольца «Розьніца ў часе». Дык вось там я знаходжу адказы на многія пытаньні і пра нашу беларускую гісторыю. Беларусь тады ўваходзіла ў склад Савецкага Саюзу, і сцэнары трагедыяў, што адбываліся на нашай зямлі, пісаліся ў Маскве. І сёньня слухач у Беларусі павінен лепей ведаць, як вывучаюць спадчыну тых ліхіх гадоў у Маскве, у Кіеве, у Вільні. Як прыклад, настойліва раю перадачу спадара Тольца «1937 і мы».

Моўная заўвага. 1 лістапада на Радыё Рацыя Арына Андэрс чытала навіны. У тых навінах было штосьці пра беларускага баксёра. А мяне, як удар таго баксёра, зачапіла адно слоўца з вуснаў журналісткі — паядынак. Класнае слоўца! Але яго трэба ўжываць у выпадках, калі гаворка ідзе пра аб’яднаньне кагосьці з кімсьці, альбо ў выпадку паяданьня кагосьці кімсьці. А ў выпадку з баксёрамі можна ўжываць словы — бой, бойка, двубой.

Сяржук Вітушка, газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0