Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе страціла кантакт са сваімі назіральнікамі ў Данецку.
Пра гэта паведамляе сайт АБСЕ.
«У панядзелак увечары каля 18.00 Спецыяльная Маніторынгавая Місія АБСЕ страціла кантакт з адной з каманд, якая працуе ў Данецку», — сказана ў паведамленні.
Паводле паведамлення, каманда выехала на чарговае патруляванне на ўсходзе Данецкай вобласці, потым з імі знікла сувязь.
«Да гэтага часу нам не ўдалося аднавіць з імі кантакт. Каманда складаецца з чатырох замежных грамадзян», — удакладнілі ў АБСЕ.
Там адзначылі, што прыкладаюць усе намаганні, выкарыстоўваючы ўсе свае сувязі на месцах.
«Урад Украіны, гэтак жа як і прадстаўнікі рэгіянальнай ўлады, былі праінфармаваныя аб гэтай сітуацыі. Як толькі ў нас з'явіцца новая інфармацыя адносна гэтага выпадку, мы яе распаўсюдзім», — гаворыцца ў паведамленні.