Мабільны аператар velcom з 27 мая павялічыў кошт некаторых тарыфных планаў і паслуг. З улікам запланаваных змен сярэдні кошт падаражэе прыкладна на 9%, паведамілі ў прэс-службе кампаніі.

«Улічваючы дасягнуты з пачатку года ўзровень інфляцыі, з 27 мая ў тарыфных планах (за выключэннем карпаратыўных і спецыяльных) змяняецца велічыня абаненцкай платы, кошт выходных галасавых нацыянальных вызаваў», — паведамілі ў прэс-службе. Таксама павялічыцца кошт тарыфаў некаторых дадатковых паслуг, у тым ліку паслуг, якiя аказваюцца ў партнёрстве з кантэнт-правайдэрамі.

Кошт асноўных паслуг (галасавога трафіку, SMS, MMS, мабільнага Інтэрнэту) у рамках усіх тарыфных планаў лінейкі ПРИВЕТ і «Сувязь без абавязацельстваў» застаецца на ранейшым узроўні.

Без зменаў застаецца кошт відэавызаваў, выходных галасавых міжнародных вызаваў, галасавых вызаваў і абаненцкая плата тарыфнага плана «Сацыяльны», абаненцкая плата тарыфных планаў лінейкі Тэлеметрыя.

Падвышэнне не закране таксама штомесячныя плацяжы за абсталяванне, набытае ў растэрміноўку.

«З 10 чэрвеня змены закрануць карпаратыўныя і спецыяльныя тарыфныя планы, прызначаныя для юрыдычных асоб, а менавіта: абаненцкую плату і кошт выходных галасавых нацыянальных вызаваў. Адбудзецца павелічэнне кошту паслуг перадачы дадзеных, SMS і MMS ў тарыфных планах з абаненцкай платай», — дадалі ў кампаніі.

З новымі цэнамі на паслугі сувязі можна будзе азнаёміцца на сайце кампаніі, а таксама па тэлефонах даведачна-інфармацыйнай службы 411 (кругласутачна, званкі з мабільнага тэлефона ў сетцы velcom без спагнання аплаты) або 150.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?