У кіраўніка дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату па хакеі ў Мінску Яўгена Ворсіна склалася самае добрае ўражанне ад наведвання зон гасціннасці ў сталіцы. Аб гэтым ён расказаў 27 мая, падводзячы вынікі спартыўнага першынства. 

«На мой погляд, гэта нейкае ноу-хау, калі заўзятары хакея збіраюцца ў адным месцы, прычым традыцыйна, абмяркоўваюць перыпетыі хакейных матчаў, турнірную сітуацыю і пры гэтым маюць магчымасць карыстацца ўсім тым, што прыгатаваў гандаль, — лічыць Ворсін. — Усе прыйшлі да высновы, што пры правядзенні іншых мерапрыемстваў трэба ствараць, абсталёўваць прыкладна такія ж месцы для сустрэч заўзятараў, для абмену меркаваннямі, для спрэчак, магчыма, дыскусій, але гэта добрая форма працы». 

Ён пракаментаваў негатыўнае меркаванне, выказанае ў газеце «Савецкі спорт» наконт працы зон гасціннасці. Журналіст гэтага выдання напісаў, што назіраў за «агіднай, нястрымнай і абсалютна адкрытай татальнай п'янкай на вуліцах Мінска». 

«Абсурд — тое, што ён кажа, — заявіў Ворсін. — Хіба можна лічыцца з такім меркаваннем аднаго чалавека, калі сотні, тысячы людзей кажуць адваротнае». 

На думку Ворсіна, наплыву турыстаў у нашу краіну чакаць можна. 

«Турысты зараз разумеюць, з чым можна тут пазнаёміцца, якія ўмовы пражывання, харчавання, размяшчэння. Гэта ўсё той станоўчы імідж, які фармуецца дзякуючы прысутнасці ў краіне, насуперак вось такім артыкулам у «Савецкім спорце», — заявіў ён. — Таму я б радзей зазіраў у такія выданні, а пабольш бы слухаў простых і нармальных людзей з добрым успрыманнем, якія кажуць пра станоўчае часцей, чым пра адмоўнае».

Таксама Яўген Ворсін распавёў пра фінансавы складнік чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Паводле яго слоў, на правядзенне першынства выдаткавана 8-10 млн еўра. 

Асноўнымі артыкуламі расходаў ён назваў размяшчэнне афіцыйных асоб і ўдзельнікаў чэмпіянату, харчаванне, транспартныя расходы, утрыманне судзейскага апарату. Чыста спартыўная частка — гэта арэны, медыцынскае абслугоўванне і гэтак далей. 

«Папярэдні аналіз па рэалізацыі білетаў паказвае, што мы зарабілі дзесьці да 150 млрд рублёў, — сказаў Ворсін. — Гэта значыць, білетная праграма рэалізаваная з перавышэннем нашых прагнозных паказчыкаў. Прагноз намі зроблены зыходзячы з наведвальнасці матчаў гледачоў на папярэднім этапе да 65%, а фінальны этап 82%. Рэаліі апынуліся больш спрыяльныя. У нас папярэдні этап быў на ўзроўні акурат 82%, а ўжо фінальная частка набліжалася да 100% наведвальнасці». 

Акрамя таго, адзначыў Ворсін, Беларусь яшчэ зарабіла на рэкламе партнёраў і спонсараў, на праве выкарыстання лагатыпа чэмпіянату свету, талісмана і гэтак далей.

«Ад рэалізацыі такіх пакетаў мы атрымалі прыкладна 1,1-1,2 млн еўра, — заявіў ён. — Таксама больш за 70 тысяч еўра мы атрымалі ад рэалізацыі ліцэнзійных праектаў. Гэта значыць усе арганізацыі, якія заключылі з намі ліцэнзійныя дагаворы на права выкарыстання лагатыпа чэмпіянату на выпусканай прадукцыі, адлічвалі нам ад 1% да 2% ад аб'ёму рэалізаванай прадукцыі. Гэта асноўныя артыкулы даходаў, на якія мы разлічвалі». 

Адказваючы на пытанне, ці атрымалася пакрыць агульную суму расходаў у 8-10 млн еўра, кіраўнік дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату адказаў сцвярджальна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?