25 мая скончыўся чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску. Расія стала пяціразовым чэмпіёнам свету. Беларусь заняла сёмы радок (пасля трох запар чатырнаццатых месцаў — відавочны крок наперад).

Пра неспартовыя вынікі першынства мы пагутарылі з шэф-­рэдактарам сайта by.tribuna.com Максімам Беразінскім.

«Наша Ніва»: Вам чэмпіянат спадабаўся?

Максім Беразінскі: Ён прайшоў лепш, чым я чакаў. Хоць я ад пачатку не быў скептычна да яго настроены. Фінальны матч атрымаўся вельмі бойкім. Антураж чэмпіянату быў здораўскі, было крута. Можна было смяяцца са словаў прэзідэнта, што мы зробім «найлепшы чэмпіянат у гісторыі», але правялі добра арганізаваны турнір з мінімальнай колькасцю касякоў.

Мы ў рэдакцыі вельмі актыўна маніторылі твітары, інстаграмы гасцей чэмпіянату і заўважылі, што ніякага негатыву не было. У адрозненне ад той жа сочынскай Алімпіяды, дзе было шмат недарэчнасцяў.

Заўзятары, думаю, не вельмі зразумелі, чаму ў нас «штосьці не так». Для іх умовы былі створаныя выдатныя.

«НН»: Горад жыў хакеем?

МБ: Я жыву на ўскрайку горада, езджу на працу на машыне, перасоўваюся па горадзе ад офіса да офіса, дык бачыў невялікую колькасць заўзятараў. Я думаю, што нельга казаць пра наплыў турыстаў. Ясна, што іх было болей, чым у звычайныя дні, але гэта не фантастычная лічба. Калі ж заўзятары збіраліся разам, ехалі на арэну ці глядзелі ў кавярні хакей, то атмасфера ажывала.

Увогуле, для Беларусі, дзе цікавасць да спорту мінімальная, — гэты прарыў.

Дай Бог, каб гэты інтарэс да спорту не мінуў. У нейкі момант усе спартыўныя СМІ ўпёрліся ў столь па колькасці тых людзей, што зацікаўленыя спортам.

«НН»: Слабыя склады зборных не папсавалі ўражанне?

МБ: Мы аналізавалі, колькі чэмпіёнаў свету ва ўсіх зборных прыехала на чэмпіянат. Калі звычайна іх 60—70, то цяпер іх было каля 30. Але ж прыехалі Ярамір Ягр, Пека Рыне, Аляксандр Авечкін.

Гэта не быў зусім убогі чэмпіянат, які нікому не цікавы.

Затое пры такіх аслабленых складах у зборнай Беларусі было больш шанцаў на добры вынік, як сказаў Міхаіл Захараў. Зрэшты, хакей быў на чэмпіянаце добрага ўзроўню. Расія, пры розным да яе стаўленні, гуляла агрэсіўна, у сілавы хакей. І фіны раскачагарыліся напрыканцы. Нават пры лепшых складах гульні бываюць менш інтрыгоўнымі.

«НН»: Гэты чэмпіянат увайшоў у гісторыю як самы наведвальны, тым не менш добрая частка квіткоў распаўсюджвалася задарма.

МБ: Зноў беларуская рэчаіснасць. Нібыта ўсё зрабілі някепска, а людзі не маглі трапіць на трыбуны, калі нехта хадзіў бясплатна.

Трэба разумець, што мы жывём у Беларусі і без такіх ідыёцкіх рашэнняў — нікуды.

Патрабавалі, каб міліцыянты ўсміхаліся, надгляды былі больш лагодныя, а з білетамі — гэта такая беларуская фішка: а раптам ніхто не прыдзе, а мы зганьбімся, трэба падстрахавацца. Але мы б правялі добры чэмпіянат і без гэтых загонаў салдат, і распаўсюду білетаў па прадпрыемствах. На першай гульні Беларусі з ЗША было шмат пустых месцаў, пасля разабраліся — і болей такога не было.

«НН»: «Савецкі спорт» назваў мінскі чэмпіянат «самым п’яным» за апошнія 20 гадоў.

МБ: Я быў у 2007 годзе на чэмпіянаце ў Маскве. Там не было такіх арганізаваных месцаў для папоек. А тут усе ўмовы былі створаныя. Ну чаму б не выпіць? Тым больш людзі прыехалі адпачываць. Беларусы хуценька зарыентаваліся, зрабілі гэтыя «зоны гасціннасці» месцамі свайго прыжавання — пілі, гулялі. Гэта кажа аб тым, што ў Мінску ўсё скавана. У Мінску няма ніякай дзвіжухі, якая была б цікавая моладзі. А чэмпіянат падарыў такую магчымасць, то людзі туды рынулі.

Не трэба абурацца п’янымі: падчас святкавання 3 Ліпеня на набярэжнай Свіслачы будзе прыкладна тое ж.

«НН»: Кажуць, што спартовыя перамогі спрыяюць кансалідацыі нацыі. Згодныя?

МБ: Мала што гэтаму так спрыяе, як спартовыя перамогі. Я не магу ўспомніць, што яшчэ ў беларусаў выклікае такія эмоцыі, калі яны крычаць, пішуць радасныя пасты ў Фэйсбуку. Мы вельмі стрыманыя, ведаем, што нікуды хадзіць не трэба, бо там, дзе болей за тры чалавекі, могуць арыштаваць. Калі адбываецца выбух эмоцый, то людзі ўспамінаюць, што можна павесяліцца, узгадваць, што мы беларусы.

Пасля перамогі над Латвія я адчуваў пад’ём, што беларусы ганарацца сваёй камандай, адчуваюць гонар за краіну.

Калі расейцы абрадаваліся, што заваявалі Крым, то ў нас нацыя больш міралюбівая, і нават вяртанне Смаленскай вобласці такой радасці не прынесла б. На кароткі перыяд спорт дапамагае аб’яднаць народ.

«НН»: А што да людзей, якія хадзілі з намаляванымі на адной шчацэ беларускім дзяржаўным сцягам, а на другой — расейскім. Гэта нармальна?

МБ: Ні для каго не сакрэт, што ў нас шмат людзей, што падтрымліваюць Расію. А на чэмпіянаце свету гэта праявілася найбольш ярка.

Гэта частка нацыянальнай палітыкі, калі мы адштурхоўваем усё беларускае: забываем мову і гісторыю, не адзначаем угодкі Грунвальдскай бітвы, не ведаем, хто такі Міндоўг і Вітаўт. Гэта ж яшчэ з часоў СССР ідзе, што мы малодшыя браты — Белоруссія, Малороссія.

Гэта адбіваецца. Дзяржава не прыкладае вялікіх намаганняў, каб мы адчувалі сябе самадастатковай краінай, пераставалі заўзець за, хай і суседскую, Расію. У такіх аб’ёмах, як мы бачылі ў Мінску, —гэта вельмі задзірліва, абуральна, і мне гэта не падабаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?