У Буда-Кашалёве 35-гадовы мужчына забіў жонку і спрабаваў застрэліцца сам. 

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, каля гадзіны ночы 25 мая паміж мужам і жонкай разгарэлася спрэчка з-за курэння жанчыны. 

Мужчына і жанчына жылі разам ужо шмат гадоў, а напярэдадні, 24 мая, распісаліся ў загсе.

Паводле слоў падазраванага, жонка абяцала кінуць курыць пасля вяселля. Аднак вечарам, пасля таго як яны адзначылі свята і госці пайшлі, мужчына заўважыў жонку з цыгарэтай, што яго вельмі раззлавала, успыхнула сварка. Сведкай гэтага была маці жанчыны. Мужчына, знаходзячыся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення, узяў стрэльбу і выстраліў жонцы ў галаву, ад атрыманых траўм яна памерла на месцы.

Пасля чаго мужчына стрэліў сабе ў горла, аднак куля затрымалася ў паднябенні. Маці забітай, калі апамяталася, патэлефанавала ў хуткую і міліцыю.

Цяпер мужчына знаходзіцца на лячэнні ў раённай бальніцы пад канвоем. Стрэльба, з якой была забітая жанчына, зарэгістраваная, мужчына з'яўляецца паляўнічым. Апошнім часам ён ездзіў на заробкі ў Расію, раней не судзімы. Агульных дзяцей не было. 

Распачата справа аб забойстве на падставе часткі 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса, вядзецца следства, падазроны дае паказанні. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?