Адыёзны дзеяч рускага руху з Віцебска Андрэй Герашчанка даў вялікае інтэрв’ю сайту imperiya.by.

Кіраўнік Каардынацыйнай рады рускіх суайчыннікаў Беларусі разважаў аб культуры, пазіцыі Беларусі і ўкраінскай «хунце».

Што вызначае культурнае жыццё Беларусі, папыталіся ў Герашчанкі. «Выразнага стрыжня я не бачу. Аднак пастаянна і дзе гэта толькі магчыма беларусаў пераконваюць, што яны не рускія. Гэта, відаць, і ёсць галоўны кірунак».

На думку Герашчанкі, пасыл «Беларусы – нярускія» ёсць антынацыянальным. «Многія цяперашнія дзеячы ад культуры займаюцца не развіццём беларускай культуры, а

прасоўваннем у дзяржаўную палітыку і ў масавую свядомасць разбуральнага антынацыянальнага пасылу, што «беларусы - нярускія». Усё гэта можа перарасці ў русафобію на дзяржаўным узроўні і мець самыя цяжкія наступствы».

Прагучала крытыка ў адрас прадзяржаўнага Саюза пісьменнікаў, які замест выдання альманахаў выдае паэтычныя кнігі сумніўнай якасці, а таксама «Еўрабачання». Перамога Канчыты Вурст, на думку Герашчанкі – гэта «сімвал разбурэння сямейных каштоўнасцяў». «На месца еўрапейцаў прыйдуць народы Афрыкі. Хочуць еўрапейцы знікнуць – гэта іх праблемы».

«Напэўна, у чыноўнікаў ад Міністэрства культуры вельмі моцнае жаданне запісацца ў шляхту. Яны, падобна, хочуць забыцца аб нялёгкім мінулым нашага народа, каб было лягчэй расказваць небыліцы пра тое, якія шчаслівыя былі беларусы пад уладай шляхты», - гэта пазіцыя Герашчанкі адносна рэканструкцыі старажытных замкаў і палацаў.

«Зараз Расія пачала прачынацца. Цалкам відавочна, што цяперашнія межы Расіі не адпавядаюць арэалу пражывання рускага народа і гэтую праблему давядзецца вырашаць - падабаецца гэта камусьці ці не», - намякае Герашчанка на новыя далучэнні земляў да Расіі.

Праўда, не ўдакладняе, ці гэта будзе Беларусь, ці нейкая іншая тэрыторыя. Ёсць толькі аперавання да сітуацыі ў Латвіі і Эстоніі, дзе «праводзіцца палітыка нацыянальнай сегрэгацыі».

«Вельмі непрыемна і сорамна за пазіцыю БРСМ, які адмовіўся ад георгіеўскай стужачкі - сімвалу Перамогі. Наколькі я ведаю, найбуйнейшае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь» таксама не заняла ўцямнай пазіцыі, а супрацоўнікі МУС зусім «не рэкамендавалі» выкарыстоўваць стужку падчас Свята 9 Мая», - кажа Герашчанка. Таксама боль у яго выклікае зрыванне «рускага марша» на 9 мая.

«Я мяркую, што на заканадаўчым узроўні трэба ўзаконіць права выкарыстоўваць сімволіку Расіі і Беларусі на ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы - расійскіх сцягоў у гербаў у Беларусі, а беларускіх - у Расіі».

«Беларусь - не проста саюзнік Расіі, а неад'емная частка Рускага свету, частка гістарычнай Русі», - абураецца Герашчанка нявызначанай пазіцыяй нашай краіны па Крыме.

«Калі ўкраінскія выбары, якія праводзяцца пад грукат гармат і аўтаматныя чэргі, будуць прызнаныя ў Беларусі цалкам адпаведнымі нормам міжнароднага права і дэмакратычнымі, гэта стане сур'ёзнай стратай аўтарытэту Рэспублікі Беларусь у вачах мільёнаў расейцаў, крымчан, жыхароў Новарасіі. Беларусь стане дзяржавай, якая дэ-факта падтрымае хунту ў Кіеве». Нагадаем, што ўчора Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Пятра Парашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне, фактычна прызнаўшы яго легітымнасць.

Андрэй Герашчанка – былы віцебскі чыноўнік, які звольнены з дзяржаўнай працы за публічнае адмаўленне дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі, якую ён уважаў за гістарычную памылку. Падчас апошняга Паслання да народа і парламента Лукашэнка, не называючы прозвішча, адзначыў, што да такіх людзей трэба падыходзіць «як да дыверсантаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?