Краіны — члены Еўразійскага эканамічнага саюза маюць намер стымуляваць добрасумленную канкурэнцыю на рынку саюза і максімальна эфектыўна абараняць спажыўцоў і бізнес. Аб гэтым заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін па выніках пасяджэння Вышэйшага еўразійскага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў у Астане.

«Расія, Беларусь і Казахстан маюць намер стымуляваць добрасумленнае спаборніцтва на рынку саюза; адначасова будзе забяспечана максімальна эфектыўная абарона спажыўцоў і бізнесу краін-удзельніц», — заявіў Пуцін. 

«Дагавор (аб стварэнні ЕАЭС) мае эпахальнае і гістарычнае значэнне, адкрывае самыя шырокія перспектывы для развіцця эканомік і павышэння дабрабыту грамадзян нашых краін», — сказаў Пуцін. Ён падкрэсліў, што дзяржавы «тройкі» «будуць праводзіць узгодненую палітыку ў ключавых галінах эканомікі — у энергетыцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце». 

«На сусветнай арэне з'яўляецца новая эканамічная арганізацыя, якая валодае ў поўнай меры міжнароднай правасуб'ектнасцю і дзейная на аснове прынцыпаў СГА. Перадача асобных паўнамоцтваў нацыянальным органам Саюза не наносіць абсалютна ніякай шкоды суверэнітэту нашых краін», — дадаў прэзідэнт РФ. 

Пуцін падкрэсліў, што за апошнія тры гады тавараабарот унутры Мытнага саюза вырас практычна на 50%, ці на 23 млрд. долараў (па выніках 2013 года ён дасягнуў 66,2 млрд. долараў). 

«Разам Беларусь і Казахстан выйшлі на трэцяе месца ў знешнегандлёвым балансе Расійскай Федэрацыі пасля ЕС і Кітая… Гэта гаворыць аб тым, што выходзім мы на такі ўзровень у значнай ступені дзякуючы менавіта інтэграцыйным працэсам», — упэўнены расійскі прэзідэнт. 

Ён адзначыў, што кіраўнікі дзяржаў сёння падрабязна абмеркавалі, як выкарыстоўваць патэнцыял ЕАЭС для нарошчвання таварных патокаў і інвестыцый, пашырэння прамысловай і тэхналагічнай кааперацыі. Асобную ўвагу ўдзельнікі надалі пытанням удасканалення дзелавога клімату. 

Паводле слоў Пуціна, стварэнне ЕАЭС дазволіць у перспектыве павялічыць устойлівасць фінансавых сістэм краін-удзельніц. «На перспектыву паставілі задачу стварэння агульнага фінансавага рынку», — паведаміў ён. 

«Зняцце бар'ераў на шляху капіталаў дазволіць дыверсіфікаваць рызыкі, палепшыць якасць, даступнасць і надзейнасць фінансавых паслуг», — перакананы прэзідэнт РФ. 

«Паэтапная гарманізацыя валютнай палітыкі павысіць устойлівасць фінансавых сістэм дзяржаў — членаў саюза, зробіць нацыянальныя грашовыя рынкі больш прадказальнымі, лепш абароненымі ад ваганняў курсаў валют, павысіць наш суверэнітэт», — заявіў Пуцін. 

Паводле слоў расійскага лідара, удзельнікі саюза разглядаюць пытанні ўзаемадзеяння з трэцімі краінамі. Пытанне аб уваходжанні Арменіі ў ЕАЭС плануецца вырашыць да 1 ліпеня. 

«Дамовіліся актывізаваць перамовы з В'етнамам аб стварэнні зоны свабоднага гандлю, умацоўваць узаемадзеянне з КНР, у тым ліку ў сферы абмену інфармацыяй па таварах і паслугах, сфарміраваць экспертныя групы па выпрацоўцы прэферэнцыяльных рэжымаў гандлю з Ізраілем і Індыяй», — сказаў Пуцін. 

Прэзідэнт РФ перакананы, што члены ЕАЭС змогуць «стварыць самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця нашых эканомік — у мэтах забеспячэння стабільнасці, бяспекі і працвітання на еўразійскай прасторы». 

«Перавагі еўразійскай інтэграцыі павінны ў поўнай меры ацаніць і грамадзяне нашых краін, яны атрымаюць права свабодна працаваць у дзяржавах «тройкі», пры гэтым афармленне якіх-небудзь дазволаў не патрабуецца», — сказаў Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?