Ужо пасля заканчэння чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску памежнікі працягваюць выяўляць ілжэзаўзятараў.

Як паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі, 27 мая на рэжымнай тэрыторыі на польскім напрамку памежнікі перапынілі запланаваны маршрут дзесяці грамадзян Бангладэш. Восем выхадцаў з Паўднёвай Азіі мелі намер трапіць у Польшчу для паляпшэння ўмоў свайго жыцця. Іх затрымалі на розным аддаленні ад беларуска-польскай мяжы. Ва ўсіх іншаземцаў акрамя сум у розных валютах былі білеты на хакейныя матчы. Парушальнікі дзяржмяжы змешчаны ў ізалятары часовага ўтрымання Брэсцкай і Гродзенскай пагрангруп. 

Статус парушальнікаў пагранічнага рэжыму набылі яшчэ двое іх суайчыннікаў, якія пад «шэфствам» жыхара Мінска знаходзіліся за 250 м ад дзяржаўнай мяжы. Іншаземцы затрыманыя, беларусу давядзецца выплаціць штраф. 

У рамках спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў «Нелегал-2014» супрацоўнікі пагранічнай службы сумесна з прадстаўнікамі органаў унутраных спраў 27—28 мая выявілі 57 замежных грамадзян, у якіх былі праблемы з міграцыйным заканадаўствам. І ў гэтым выпадку найбольш шматлікую групу прадстаўлялі грамадзяне Бангладэш. 23 іншаземцы часова жылі па трох брэсцкіх адрасах. У іх таксама былі пры сабе білеты на хакей і білеты на вяртанне. У дачыненні да двух «заўзятараў» пачаты адміністрацыйны працэс. 

Таксама вырашаецца пытанне аб дэпартацыі пецярых грамадзян Ганы і 14 — КНДР. Першую групу затрымалі на чыгуначным вакзале Мінска ў цягніку Мінск — Камунары. Выхадцы з КНДР былі выяўлены ў прыватнай кватэры ў сталіцы. Вядзецца разбор, усе яны будуць прыцягнуты да адказнасці за парушэнне правілаў знаходжання на тэрыторыі Беларусі. 

Дзеянні трох грамадзян Украіны, затрыманых у Верхнядзвінскім раёне, трох — Кыргызстана і аднаго — Казахстана (выяўлены ў Астравецкім раёне), кваліфікаваныя па тым жа артыкуле — 23.55 КоАП. Ім неабходна выплаціць буйны штраф. 

На ўчастку адказнасці Смаргонскай пагранічнай групы 28 мая ў Ашмянскім раёне за знаходжанне на беларускай тэрыторыі без неабходных дакументаў праваахоўнікі затрымалі восем грамадзян В'етнама. У трох з іх таксама адсутнічалі дакументы, якія сведчаць асобу. Яны аформленыя парушальнікамі правілаў знаходжання на тэрыторыі краіны. 

«Нежаданне афармляць рэгістрацыю тлумачыцца відавочным матывам: гэтыя грамадзяне мелі намер «растварыцца» сярод шматлікіх заўзятараў. Іх канцэнтрацыя ў большасці выпадкаў у прыгранічным Брэсце пацвярджае прадказальны намер: усе яны разлічвалі на незаконнае перасячэнне мяжы з боку Еўрасаюза. Аднак нелегальныя планы толькі імі і засталіся», — гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?