Штрых да яго біяграфіі

З Генадзем Бураўкіным мне давялося сустракацца і размаўляць не адзін раз – калі-небудзь пастараюся напісаць пра гэта падрабязней. Фармальнае наша знаёмства, аднак, пачалося толькі ўвесну 1990 года, калі я ўжо быў абраны народным дэпутатам БССР, а Генадзь Мікалаевіч збіраўся ад’язджаць у Нью-Йорк, куды яго накіравалі пастаянным прадстаўніком тагачаснай савецкай рэспублікі пры ААН. Набіўся ў знаёмыя я тады невыпадкова. Рэч у тым, што пасля таго, як я быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання па Наваполацкай – Маладзёжнай выбарчай акрузе, партыйныя стратэгі вырашылі зрабіць Генадзя Бураўкіна маім супернікам. Партыйная дысцыпліна – рэч жорсткая, і выдатнаму паэту і Чалавеку давялося схітраваць. Ён не даваў сваім шэфам ані станоўчага, ані адмоўнага адказу да дня напярэдадні заканчэння тэрміну рэгістрацыі кандыдатаў. А ў гэты самы апошні дзень раптам… пагадзіўся балатавацца на адной з полацкіх акруг. Паўтараю: асабіста мяне ён тады не ведаў, але ведаў, што я іду на выбары пры падтрымцы Беларускага Народнага Фронту (у Наваполацку гэта былі Уладзімір Арлоў, Сяржук Сокалаў-Воюш, Вінцэсь Мудроў, старшыня тамтэйшай Рады інжынер Анатоль Кулік…).

Шчыра скажу: я тады сам хацеў бы, каб Генадзь Мікалаевіч стаў дэпутатам, бо ён быў не толькі цудоўным паэтам, а і дасведчаным дзяржаўным дзеячам, і беларушчыне ніколі б не здрадзіў. Але ў моцна зрусіфікаваным Наваполацку ён выбары мог бы не выйграць. Чаму іх выйграў я? Між іншага і таму, што на афіцыйных перадвыбарчых плакатах, што віселі каля кожнага наваполацкага дома, было пазначана, што я, паводле нацыянальнасці, рускі. Ну і папулярнасць кандыдатаў-членаў КПСС у той час у маім горадзе была, мякка кажучы, невялікай.

А той учынак Генадзя Мікалаевіча варты пераймання. Асабліва сярод цяперашняга пакалення палітыкаў…

 P. S. На тых выбарах у Полацку Генадзь Бураўкін істотна апярэдзіў усіх канкурэнтаў. Але партыйная наменклатура ўжо яму помсціла і зрабіла ўсё, каб у другім туры галасавання яўка выбаршчыкаў аказалася меншай за вымаганыя пяцьдзясят працэнтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?