Рэзананс вакол публікацыі "ліста Шпак" (які чыноўнікі прадказальна назвалі фальшыўкай) змусіў мяне яшчэ раз перагледзець матэрыялы аб наведваньні Аляксандрам Лукашэнкам рэдакцыі "СБ" 2 жніўня. Дык вось: ужо тады фактычна прагучалі адпаведныя тэзы.

Тады ўсіх, канешне, прымагніцілі заявы ў зьвязку з чарговым газавым канфліктам з Масквою, і на пэрыфэрыі ўвагі засталася жорсткая крытыка дзяржаўнай прэсы з вуснаў афіцыйнага кіраўніка.

У тым выступе прэзыдэнт сказаў: "Некаторыя раённыя, абласныя выданьні проста сорамна браць у рукі: адны бравурныя справаздачы чыноўнікаў". І далей: "Крытычных матэрыялаў аб праблемах, аб тым, што хвалюе людзей, няма. Гэты недахоп трэба неадкладна выкараніць. Аж да таго, што трэба ацэньваць мясцовыя СМІ па набору аб'ектыўна крытычных матэрыялаў. Там іх няма наогул".

Увага, як бачым, акцэнтаваная на хібах мясцовых мэдыяў, але гэта нагадвае тыповы прыём камуністычных часоў, калі спічрайтэры генэральнага сакратара абавязкова лякалізавалі крытыку ("если кто-то кое-где у нас порой…"), каб ня кінуць цень на ўсю сыстэму.

Было таксама сказана пра неабходнасьць "глыбокіх аналітычных праграмаў, вастрыні і адметнасьці ў падачы матэрыялаў".

Тады ж была пастаўлена задача экспансыі дзяржаўнай прапаганды ў інтэрнэт, у якім, маўляў, таксама "нячэсныя" затыкаюць за пояс "чэсных".

Цяпер вось дзяржаўныя структуры мусяць прызнаваць, што дзяржаўная прэса залежваецца ў шапіках. Памятаеце, пры канцы 2005 году незалежныя газэты вычышчалі з распаўсюду нібыта празь іх непапулярнасьць? Але цяжка ўявіць сабе, што нудным казённым пэрыёдыкам зробяць "выкіндэс"…

"Сваю" прэсу, нягледзячы на разважаньні пра самаакупнасьць, добра падкормліваюць. Па сутнасьці пратэкцыянісцкай ёсьць комплексная праграма падтрымкі дзяржаўных пэрыядычных друкаваных выданьняў на 2005 — 2008 гады. Летась з рэспубліканскага бюджэту дзяржаўныя мэдыі атрымалі Br130,3 млрд. ($60,55 млн.) У сёлетнім бюджэце адпаведныя выдаткі перавышаюць Br135 млрд.

Але вось ужо і на самым версе бачаць: не ў каня корм!

Вядома ж, аднак, што любую праблему магчыма вырашыць, толькі ўзьняўшыся над яе ўзроўнем.

А тут — крэатыву, вастрыні і прывабнасьці хочуць дамагчыся з-пад пугі.

Перад кіраўнікамі дзяржаўных СМІ ставяць апрыёры невыканальную задачу. Бо прэса паводле прыроды мусіць быць вольнай, недзяржаўнай. Іначай гэта не мэдыі, а органы.

А пра Сеціва й казаць сьмешна: казённы прапагандыст, сьціснуты ідэалягічнымі табу ды неабходнасьцю "ўзгадняць матэрыял", апрыёры прайграе вольнаму блогеру :)

У свой час кіроўныя вярхі думалі, што ўхапілі бога за бараду, скапіяваўшы бальшавіцкія прынцыпы кіраваньня друкам. Народ пагаджаўся на прапагандысцкую жуйку, пакуль улада выконвала сацыяльны кантракт і пакрысе прыбаўляла рэальныя заробкі. Сымптаматычна, што рэйтынг дзяржаўных мэдыяў пахіснуўся пасьля нафтагазавай вайны ў студзені. Тады яны ўпершыню саступілі паводле індэксу даверу незалежнай прэсе.

У моманты крызаў заўжды рэзка ўзрастае запыт на аб'ектыўную, рознабаковую інфармацыю і прыстойную, кампэтэнтную аналітыку.

На мэдыі, якія ня сорамна браць у рукі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?