Нягледзячы на маштабную антытэрарыстычную апэрацыю на ўсходзе Ўкраіны, нядаўна ў Чаркаскай вобласьці прайшлі ўрачыстасьці з нагоды 200-годзьдзя Тараса Шаўчэнкі, у якіх выпала паўдзельнічаць і мне. Там я пазнаёміўся зь вядомым украінскім празаікам, аўтарам шматлікіх гістарычных раманаў, Героем Украіны Юрыем Мушкетыкам. Пісьменьнік ахвотна згадзіўся адказаць на мае пытаньні.

— Пане Юры, юбілей Шаўчэнкі адзначаецца ў час, калі на Данеччыне фактычна ідзе вайна. Што трэба зрабіць, каб яна спынілася?

— Гэта складанае пытаньне. Ужываць зброю з нашага боку не гуманна і, сказаць па праўдзе, небясьпечна. Бо Расея ўвесь час пагражае ўвесьці войскі. Сядаць за стол перамоваў з тэрарыстамі нерэзонна. Яны і ня слухаюць, ды і не заслугоўваюць на тое. Вось такая сытуацыя… Расея гаворыць аб прыцясьненьні расейскамоўнага насельніцтва ў Данбасе. Гэта лухта поўная. Расейскую мову там ніхто не прыцясьняў. У сувязі з гэтым я раскажу вам цікавую гісторыю. Ёсьць на Данбасе горад Марыюпаль. Там да Другой сусьветнай вайны жыла вялікая грамада грэкаў. У іх былі грэцкія школы, радыё, газэты, часопіс, было дзевяць грэцкіх пісьменьнікаў. Тыя грэкі зьбераглі мову Пэрыкла і Гамэра. І вось у 1937 годзе ўсе грэцкія пісьменьнікі былі расстраляныя, школы зачыненыя, радыё, газэты і часопіс — закрытыя, а грэцкі шрыфт вывезьлі ў мора і ўтапілі. Чаму пра гэта Масква маўчыць? А Тарас Шаўчэнка натхняе нас на барацьбу. Яго словы «змагайцеся і пераможаце», якія ён казаў грузінскаму народу, адносяцца і да нас. Уся творчасьць Шаўчэнкі — гэта барацьба, таму ў гэтым кантэксьце ён нам — памочнік.

— Расейскія СМІ як жупелам размахваюць словам «бандэраўцы». Прычым, акцэнт робіцца на іх супрацоўніцтва з фашыстамі.

— Гэта таксама хлусьня. Бандэра сядзеў у нямецкай турме. Яго памочнік па палітычнай частцы, паэт Алег Ольжыч, быў закатаваны гестапа. Яго паплечніца, кіраўніца Саюзу пісьменьнікаў Украіны падчас акупацыі, Алена Тэліга, была расстраляная ў Бабіным Яры. Як можна, маючы такія факты, гаварыць, што бандэраўцы супрацоўнічалі зь немцамі? Праўда, гэта трошкі на сумленьні і вашага Алеся Адамовіча, які ў рамане «Карнікі» напісаў, што ў Беларусі дзейнічалі бандэраўцы. Спачатку ў яго былі ўласаўцы, а потым замест іх зьявіліся бандэраўцы.

— Падчас гутарак з украінцамі тут, на Чаркашчыне, немагчыма не заўважыць, мякка кажучы, выразных антырасейскіх настрояў. А папросту — нянавісьці да Расеі, да яе кіраўніцтва. Як вы лічыце, гэтая нянавісьць — надоўга?

— Думаю, надоўга. Пуцін нас надоўга пасварыў. Да гэтага мы наіўна верылі ў наша нейкае там братэрства. А цяпер у людзей адкрыліся вочы, яны зразумелі, кім насамрэч ёсьць для нас гэтак званы старэйшы брат, якую пятлю ён для нас падрыхтаваў, які бізун. Але час імпэрый мінуў. Распаўся Савецкі Саюз, распадзецца і Расейская імпэрыя — гэтая лахманная дзяржава. Жыве яна за кошт захопленых тэрыторый, дзе — нафта, газ, алмазы і г.д. Я нядаўна чытаў у часопісе «Новый мир» артыкул аднаго расейца зь Якуціі. Ён зьвяртаецца наўпрост да кіраўніцтва Расеі: каб вы ведалі, як нас ненавідзяць якуты! Каб яны не былі такія разрозьненыя, яны б нас сёньня рэзалі. Вось вам карцінка ўнутрырасейская…

— Мы з вамі езьдзім па цэнтральнай Украіне, па мясьцінах Шаўчэнкі, і паўсюль бачым мэмарыялы змагарам за незалежнасьць. Украінцы — зьяднаны народ, і Майдан гэта пацьвердзіў. Чаму ж так сталася з Крымам?

— Гэта было вельмі нечакана. Нашым кіраўніком быў Януковіч, антыўкраінец, васал Пуціна. Пры ім, фактычна, развалілі армію. Але я ўпершыню цяпер пабачыў, што народ прабудзіўся. Масква пускае ўсякую брахню, што Майдан — гэта бандэраўцы. Сьведчу — гэта брахня, я сам там прысутнічаў. Там былі пераважна жыхары Кіева, былі і прыежджыя. Проста людзі былі даведзеныя да адчаю.

— Вы ў сваім паважным веку стаялі на Майдане?

— Не стаяў, проста прыходзіў. Ня буду хлусіць. Я прыходзіў, каб пагаварыць зь людзьмі. Але мае сваякі, мае дзеці там стаялі. Я хачу, каб беларускія гледачы пабачылі фільмы, зьнятыя ў рэзыдэнцыях Януковіча. Скажам, у прэзыдэнта Францыі — адна рэзыдэнцыя, а ў Януковіча — чатырнаццаць. З заапаркам, з фэрмай страўсаў, зь дзясяткамі рарытэтных аўтамабіляў, якія каштуюць мільёны. Народу няма за што жыць, а на стале ў яго ляжаў залаты батон. І такіх рэзыдэнцый — чатырнаццаць.

— У Лукашэнкі іх дванаццаць.

— Бачыце, трошкі не дасягае. У Пуціна, кажуць, іх дваццаць шэсьць. Гэты нягоднік Януковіч рабаваў народ. Толькі ў швэйцарскіх банках на розныя рахункі ён паклаў 40 мільярдаў даляраў — гэта гадавы бюджэт усёй Украіны! Так абакрасьці народ… Але, паўтаруся, пазытыўны бок усяго гэтага — народ прабудзіўся. І думаю, што ён ужо не паддасца.

— Многія ўкраінцы лічаць, што Лукашэнка ў расейска-украінскім супрацьстаяньні на баку Ўкраіны. І з Турчынавым сустракаўся, і Парашэнку павіншаваў, і супраць фэдэралізацыі выказваўся. Вы асабіста верыце Лукашэнку?

— Сказаць па-праўдзе, мала веру — ведаючы палітыку, якую вядзе Лукашэнка. Я не хачу мазаць усё чорным. Ён намагаецца нешта зрабіць, утрымаць у руках эканоміку і г.д. Але ў Беларусі ўжо амаль няма беларускай мовы. Ні газэтаў беларускіх, ні беларускамоўных школаў у абласных цэтрах няма. У Менску некалькі ёсьць — напаказ, каб калі хто прыедзе, паказаць. А хто спрыяе русіфікацыі, калі не Лукашэнка? Таму я яму ня веру. Дай Бог, каб Лукашэнка адумаўся, каб вочы ў яго адкрыліся. Ён ужо шмат гадоў пры ўладзе, і хай бы завершыў сваю кадэнцыю на пазытыве беларускім. Я ведаю, як складана цяпер вашым пісьменьнікам ды іншым творчым людзям. Мы добра знаёмыя, да прыкладу, зь Нілам Гілевічам. Я ведаю, як ён усё жыцьцё ваяваў і ваюе за беларускую мову. У 80-я гады мы зь ім удвох у Маскве на пісьменьніцкіх форумах ваявалі, выступалі, дамаўляліся, хто што скажа, хто падтрымае. Выдатны чалавек, выдатны пісьменьнік.

— Вы доўгі час узначальвалі Саюз пісьменьнікаў Украіны. Разам з Крымам ваша пісьменьніцкая грамада страціла два дамы творчасьці і адпачынку — у Ялце і Кактэбелі. Што б вы ў гэтай сувязі параілі сёньняшняму кіраўніцтву СП?

— Трэба змагацца. Скажам, калі дамы творчасьці трапілі да нас, то мы не рабілі па-хамску. Была крымская пісьменьніцкая арганізацыя, якая лічылася нашай філіяй. Мы ніколі не адмаўлялі крымчанам у набыцьці пуцёвак. Ня ведаю, што цяпер будуць рабіць крымскія пісьменьнікі, ці будуць яны выдзяляць месцы для сваіх калегаў з Украіны. Цяжка сёньня змагацца… Саюз пісьменьнікаў зьвяртаецца да ўраду, а што можа зрабіць урад? Нічога ня можа. Ён, вядома ж, робіць усё магчымае і спадзяецца, што Крым вернецца. Сёньня ў Маскве ва ўсіх СМІ крычаць «Крым наш», бо столькі крыві расейскай праліта за яго… Хіба можна крывёю такія рэчы мераць? А ўкраінская кроў хіба там не лілася? Мы ведаем словы Карла Маркса пра Запароскую Сеч, якая ўратавала Эўропу ад турэцка-татарскай агрэсіі. Але гэта сёньня не бярэцца пад увагу.

А як далучалі Крым да Ўкраіны? Цяпер пішуць, што Хрушчоў напіўся гарэлкі, наеўся ўкраінскага сала і вырашыў далучыць. Справа ў тым, што Крым тады бедаваў. Сем украінскіх абласьцей кармілі Маскву, тры —Ленінград. Расея тады, у 50-я гады, не магла ўтрымліваць Крым. Магчыма, ініцыятыва ішла ад Хрушчова. За далучэньне Крыму галасавалі Вярхоўны Савет Крыму, Вярхоўны Савет РСФСР, Вярхоўны Савет Украіны і — Вярхоўны Савет СССР. Тысячы дэпутатаў. Дык пры чым тут Мікіта?!

— Якой вам бачыцца будучыня Ўкраіны? Мытны саюз, Эўрасаюз, НАТА — куды вашай краіне трэба кіравацца?

— Я бачу Ўкраіну эўрапейскай дзяржавай. Я — толькі за НАТА. Калі б мы пасьпелі ўвайсьці ў НАТА, мы сёньня былі б абароненыя. Але выйшла замінка. Расея выступае катэгарычна супраць, каб мы былі ў Эўрасаюзе, лае на чым сьвет стаіць ЗША. У Маскве такое пішуць і гавораць пра Амэрыку, што можна здурэць. А ў ЗША як прынялі 300 гадоў таму канстытуцыю, так зь ёю і жывуць. Гэта дэмакратычная і вялікая дзяржава. А нам з Расеяй, я думаю, трэба разарваць усе стасункі. Расея — краіна жорсткая, несправядлівая і подлая. Зь ёю сёньня спраў мець нельга. Магчыма, як-небудзь, калі ў Расеі пераможа дэмакратычны лад, стасункі адновяцца, але сёньня мы павінны разысьціся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?