Студэнты гуманітарнага факультэта БДУ пачалі кампанію супраць расфарміравання факультэта. Свой пратэст яны каардынуюць праз суполку «Укантакце».

Студэнты зазначаюць, што БДУ намераны рэарганізаваць гуманітарны факультэт, які сёння налічвае восем кафедраў.

У выніку плануецца стварыць факультэт мастацтваў, а іншыя кафедры перападпарадкаваць другім факультэтам. Студэнты супраць такога рашэння, бо яно прымалася адміністрацыяй без абмеркавання з імі.

Таксама студэнтаў турбуе магчымы перавод кафедраў дызайну і культуралогіі ў корпус БДУ па вуліцы Маякоўскага, 96, дзе цяпер займаюцца студэнты Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій (ДІКСТ).

«Будынак знаходзіцца ў аварыйным стане: перакрыцці будынка драўляныя, адсутнічае ацяпленне, не працуе цепласетка, вокны згнілі і не адчыняюцца, касметычны рамонт зроблены на 10%, часткова не функцыянуюць прыбіральні… У санвузлах другога паверха адсутнічаюць дзверы кабінак, не працуе сталовая і г. д.

Акрамя таго, у будынку недастаткова навучальных месцаў для размяшчэння студэнтаў і выкладчыкаў спецыяльнасцяў «Дызайн (камунікатыўны)» і «Культуралогія»,— гаворыцца ў заяве ад студэнтаў.

Таксама студэнты выступаюць супраць «перападпарадкавання кафедры камунікатыўнага дызайну і кафедры культуралогіі Гуманітарнага факультэта Духану І. Н.» і «пераводу іншых кафедраў Гуманітарнага факультэта на іншыя факультэты БДУ».

Турбуюць студэнтаў і магчымыя кадравыя змены, звязаныя з рэарганізацыяй.

«У адваротным выпадку выкладчыкі пададуць заявы на звальненне ў сувязі з нежаданнем працаваць пад кіраўніцтвам новага начальства», — гаворыцца ў заяве.

Студэнты заклікаюць падпісваць заяву не толькі ад імя студэнтаў. У суполцы ёсць і заява на імя рэктара БДУ Сяргея Абламейкі для бацькоў: у ёй яны выступаюць як спонсары навучання. 

230+360

Дэкан гуманітарнага факультэта Уладзімір Гурскі малюе не вельмі аптымістычную карціну: «Студэнты выступаюць супраць стварэння новага факультэта і пераводу часткі кафедраў і студэнтаў у корпус на вуліцы Маякоўскага.

Пакуль канчатковага рашэння аб рэарганізацыі факультэта няма. Але ініцыятыва сыходзіла ад рэктарата БДУ. Хочуць узяць кафедру мастацтваў ДІКСТ і кафедры культуралогіі і дызайну гуманітарнага факультэта і пакласці іх у аснову новага факультэта мастацтваў.

Члены рэктарата матывавалі такі крок тым, што Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт стварыў такі факультэт, у Санкт-Пецярбургу стварылі такі факультэт. Больш аргументаў не было.

Але ствараць новы факультэт не мае сэнсу. Абедзве кафедры паспяхова функцыянавалі на базе гуманітарнага факультэта.

Гуманітарны факультэт застанецца. Але рэарганізацыя факультэта — гэта яго аслабленне за кошт драблення. Бо каля рэарганізацыя закране каля 30% студэнтаў факультэта. Гэта таксама і павелічэнне выдаткаў».

Гурскі не абмінуў увагай і будынак, у які пераедзе новы факультэт, калі будзе створаны.

«Будынак на Маякоўскага вельмі стары і знаходзіцца не ў лепшым стане. Там рабілі рамонт, аднак у гэтым будынку пачынаць справу трэба было з даху, а дах пакінулі, як ёсць. Рамонт заключаўся ў мантажы гіпсакардонных лістоў. Больш паказушнага рамонту быць не можа.

Да таго ж гэты будынак малы. У ім і так займаюцца 230 студэнтаў. А цяпер хочуць дадаць яшчэ 360 з нашага факультэта. Там проста не хопіць месца, не хопіць майстэрняў», — сказаў ён.

Атрымаць каментары членаў рэктарата пакуль не ўдалося. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?