Украіна будзе судзіцца з Расійскай Федэрацыяй на суму больш за 1 трлн грыўняў за незаконны захоп і рабаванне Украіны.

Пра гэта прэм'ер Арсень Яцанюк распавёў у аўторак у парламенце, адказваючы на пытанні дэпутатаў.

«Украіна пачала працэс, Генеральнай пракуратурай распачата расследаванне. І ў рамках крымінальнай справы ўкраінскі ўрад падае пазоў на суму больш за 1 трлн грн», — заявіў Яцанюк.

«Праблемы ляжаць у міжнароднай прававой плоскасці. Не так шмат ёсць опцый, куды падаць у суд. Але, не раскрываючы ўсе юрыдычныя дэталі: мы выкарыстоўваем усе магчымыя і законныя метады для таго, каб прыцягнуць РФ да суду», — дадае ён.

Па словах прэм'ера, Украіна ўжо падала 2 пазовы ў Еўрапейскі суд па правах чалавека непасрэдна па анексіі Крыма і адказнасці РФ перад Украінай.

«Мы рыхтуем дадаткова іншыя пазовы — у тым ліку, і ў органы дзяржаўнай улады і кіравання Расіі за незаконны захоп і рабаванне Украіны. За гэта прыйдзецца адказваць. Мы ўсведамляем, што такія судовыя працэсы не праходзяць за месяц, але такія працэсы будуць мець вынік», — упэўнены Яцанюк.

Як вядома, міністр юстыцыі Павел Пятрэнка распавёў, што агульны разлік страт Украіны ад анексіі Крыма ужо складае 17 тамоў і больш за адну трыльёна грыўняў.

«На сёння сума страт складае 1 трлн 80 млрд грыўняў. У сувязі з абмежаваннем права карыстання аб'ектамі, маёмасцю і карыснымі выкапнямі, гэтая сума працягне расці», — заявіў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?