Луганскі памежны атрад зноў акружыла вялікая колькасць узброеных людзей, у тым ліку расейскія так званыя «казакі».

Як паведамляе Дзяржаўная памежная служба, вось-вось можа пачацца новы штурм.

«Вакол Луганскага памежнага атрада зноў сабралася вялікая колькасць узброеных асоб, у тым ліку расейскія так званыя «казакі». Яны ўзброеныя цяжкай зброяй — мінамётамі, гранатамётамі РПГ, буйнакалібернымі кулямётамі», — паведамляе ведамства.

«Фактычна з хвіліны на хвіліну можа пачацца штурм гэтага падраздзялення як акт помсты за тое, што памежнікі не склалі зброю і не здаліся і працягваюць выконваць свае абавязкі», — гаворыцца ў паведамленні.

Сяргей Панамароў ў Твітары паведамляе, што тэрарысты-сепаратысты нібыта патрабуюць ад памежнікаў здацца да 18 гадзін аўторка.

Дзяржаўная памежная служба Украіны абвяргае, што тэрарысты ўзялі Луганскі пагранічны атрад пасля чарговага штурму.

Таксама ў ведамстве абвяргаюць інфармацыю аб тым, што памежнікі вылучалі «ультыматум» кіраўніцтву антытэрарыстычнай аперацыі з нагоды перакідвання памежнікаў з іншых участкаў на згаданы атрад у выпадку непрадастаўлення падмогі:

«Гэтая інфармацыя таксама не адпавядае рэчаіснасці. Ніякіх афіцыйных ультыматумаў ні кіраўніцтва атрада, ні па яго даручэнні камандаванне якога б там ні было падраздзялення Луганскага атрада не вылучала», — паведамляе Памежная служба.

Між тым, кіраўнік Дзяржпамежслужбы Мікалай Літвін заявіў, што памежнікі рыхтуюцца да новых нападаў, а пытанне наземнай падтрымкі да гэтага часу «ў працэсе вырашэння».

Тэрарысты атакуюць луганскіх памежнікаў ўжо другія суткі, напярэдадні былі параненыя як мінімум 7 служачых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?