Ну што, уя…аў? — рэзанулі ў паветры Алегавы словы. Я, мабыць, пачырванеў.

Алег пасміхнуўся. Высокі лысаваты тып сядзеў насупраць за сталом. У офісе, фактычна на паддашшы, яшчэ не паспеў разысціся кумар пасля ўчорашняй п’янкі. Па кутах ляжалі стосы нераспаўсюджанай агіткі, заламінаваныя партрэты кандыдатаў на мясцовыя выбары (Алега ў тым ліку) для зборшчыкаў подпісаў, каб не засалілі тлустымі пальцамі жыхары шматпавярховікаў спальных раёнаў, нейкія бюлетэні… На століку побач з дзвярыма красавала некалькі кубкаў з высахлымі пакецікамі гарбаты ды ніфелямі пасля кавы. Тут усё было пад рукой — офіс партыі займаў некалькі квадратных метраў. Пры кожным пераездзе, раз на 3­4 гады, гэтыя метры губляліся. Наступны офіс будзе, мабыць, больш падобны да шафы­камандор альбо вялікага сямейнага халадзільніка.

Тым не менш я ўсё ўспрыняў усур’ёз. Уя…аў… Пачуць такое ад Алега — як па твары атрымаць. Які б ні быў, а ўсё ж такі дзядзька аўтарытэтны, з салідным досведам і бэкграўндам, які, як кажуць, не прап’еш…

– А філе яны са сваім Бандэрам… Палессе наша, ажно па Сарны! — адазваўся Збышак, які сядзеў тут жа за камп’ютарам. —Прыходзь у аўторак, будзе прэзентацыя кніжкі ўспамінаў Ф… Мне спадабалася, як чытаў. Ці ты ўжо паедзеш?

– Мабыць, яшчэ буду… Добра, я пабег.

– Трымайся, —моцна паціснуў руку Алег, як быццам нічога і не сталася.

– Чэсць, —развітаўся Збышак, не адрываючыся ад манітора.

Калі выйшаў, то сярод прапушчаных званкоў знайшоў нумар Славы ды, націснуўшы «выклік», пачаў спускацца нядаўна вымытымі прыступкамі долу. Будынак разам з усімі офісамі, дарэчы, належаў Раману Васілевічу —буржую, які ў свой час пры пасярэдніцтве Алегавай партыі зваліў за мяжу. Але дабро, вядома, забываецца хутка. Разам з плошчай офіса менелі і шанцы партыі дагрукацца да каменных сэрцаў беларусаў, а шанцы Рамана Васілевіча — вярнуцца на Радзіму.

– Здарова, ты быў званіў.

– Ага, я са шпіталя выходжу на Дзяржынскага, давай каля помніка Міцкевічу праз 10 хвілін.

– Згода.

Беларусы ўсё ж такі кніжная нацыя. Чарговыя мемуары… Нарадзіліся, вучыліся, пісалі, сядзелі, працавалі школьнымі інспектарамі, а калі прыйшлі саветы — з’ехалі за мяжу. Схема­клішэ, якая з’явілася якіх 70 гадоў таму. Кніжная нацыя паэтаў і пісьменнікаў узбагачае суседнія народы. Узбагачае вуглякопамі, будаўнікамі, працоўнымі рыбзаводаў… Пасля фізічнай працы, вядома, і вершы лепш пішуцца.

– Здарова! — паціскаю руку ды прыабдымаю Славу

– Вітаю, пасядзім дзе? Маю з гадзіну, пасля да зубнога.

Слава «ўя…ў» значна раней. Будоўлі Літвы, Польшчы, Швецыі, Злучаных Штатаў… Вынік: валіза ўспамінаў, шмат фота, некалькі тату ды патрушчаныя зубы з­за дрэннай вады, здаецца, яшчэ ў Літве. Цяпер у рэдакцыі свабоднага радыё, якое працуе для несвабоднай Беларусі. Свабодны Слава.

– Ведаеш, я да медсястры, рудой такой, «лісічкі», па­беларуску, а яна…

– …а яна: «бэнээфавец»?

– Не­е, пакаленне змянілася, аздараўляецца нацыя.

– Дзякуй Алегу!

– Ага.

Мы ішлі паўз парк, мінаючы Вечны агонь, Швейцарскую даліну, гарбаты мост з замочкамі маладажонаў, праходзячы пад яшчэ адным —старым мостам, дзе на ізаляцыі, якая шматкамі намагалася сагрэць трубы, пушчаныя верхам, было напісана ўсё пра ўсіх: «Карына — шлёндра», «Адэльск — сіла! Вася, Рома, Пеця», «Менты са….» і г.д.

– А я люблю прыязджаць у Горадню інкогніта. Ідзеш па пустой вуліцы, валіць дождж альбо снег… Сябры? А што ім званіць? Я мінулае і сам магу ўзгадаць. Так расчароўваешся толькі. Дык кажаш, Алег сказаў, што ты ўя..ў? Ды не пераймайся. Яны хутчэй уя..лі: хто ў алкаголь, хто ў сям’ю. А ты яшчэ можаш вярнуцца. Інкогніта.

Унізе вада палакала пясок ды дробныя каменьчыкі, выцягвала на ўсю даўжыню водарасці. Качкі час­почас занурвалі галовы, старанна шукаючы свой інтарэс, які цяжка было разгледзець згары. Вада не была аж занадта чыстай, хоць Гараднічанка сама па сабе не глыбокая. 

Мы скіраваліся ў бок піўнухі ля вакзала. Піўнуха была легендарнай, бо назва яе рыфмавалася з прозвішчам кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі на пазамінулых выбарах. Гэта была яе адзіная, хай і немалаважная, адметнасць. Так, ну і яшчэ яна знаходзілася непадалёк ад будынка Рамана Васілевіча, які апошнім часам побач з турфірмамі ды курсамі нямецкай мовы сабраў офісы бадай усіх апазіцыйных арганізацыяў горада ў адно ўтульнае гета альбо абшчагу калідорнага тыпу з прыбіральняй у канцы гэтага калідора.

«Недавно гостила в чудесной стране, там плещутся рифы в янтарной волне…» —у піўнусе чуўся надрыўны голас Агузаравай альбо Алегравай, вечна іх блытаю. Некалькі сталоў былі накрытыя абрусамі з жалезнымі пенальчыкамі для сурвэтак на кожным, сцены былі аббітыя вагонкай, падлога выкладзеная пліткай невыразнага колеру. Прыбіральня адсутнічала, але гэты недахоп кампенсаваўся пышным кустоўем каля выхада ды застарэлай будпляцоўкай — таксама зусім побач. Нарэшце чарга дайшла да нас.

– Класная ў вас тут музыка, —жыццярадасна падміргнуў Слава бялявай афіцыянтцы, якая, імаверна, шмат паспела ўбачыць за час працы тут.

– Ага, ах…енная! Радыё! — адрэзала фарбаваная бландзінка з маленькімі карымі вочкамі ды пайшла грэць нашыя чабурэкі.

– І сэрвіс таксама класны… —праз смех дадаў Слава ўжо значна цішэй.

За суседнім столікам сядзелі двое пралетараў: адзін у спартовым касцюме, другі ў польскіх джынсах з процьмай маланак ды замочкаў, абодва з барсеткамі. Акурат насупраць сядзеў лысы, з прыплюснутым носам тып, які перыядычна зыркаў у бок нашага століка ды круціў у руцэ пусты стапарык. Далонь была надзьмутая парафінам, ад чаго нагадвала баксёрскую пальчатку без пальцаў. Яго сусед, які сядзеў да нас спінай, быў, мабыць, не дужа гаваркі. Пацаны сумавалі.

– Ну што, за твой новы этап! — падняў Слава бутэлечку «Жыгулёўскага».

– Смяешся, хопіць ужо тых этапаў…

– Ну, ты ж мяне зразумеў. Калі едзеш?

– У сераду, можа, паглядзім.

– Чаго так сумна?

– Не хачу ехаць.

Слава перакуліў бутэльку і паставіў на стол каля букеціка штучных кветак.

– Не пераймайся. Там таксама можна нешта рабіць. Па архівах капацца, на радыё запісваць казкі па­беларуску для дзетак. Ну а сем’і і двухмоўныя бываюць, чо? І дзеці нармальна вучацца, узбагачаюцца.

– Я чужы там, ты не разумееш…

– Я не разумею? Смешны, —у Славы змяніўся настрой. —Я ведаю, што такое хадзіць з закрытым ротам, бо ты ў той краіне нікога не ведаеш, табе няма з кім паразмаўляць. Таму ты маўчыш. Цэлымі днямі маўчыш. Ведаю, калі ў варшаўскай электрычцы нейкі кончаны кібіц лезе табе ў морду, бо ты размаўляеш з акцэнтам і не кібіцуеш за «Легію»… Ты ў гэтым свеце не патрэбны нікому, час ужо ўсвядоміць, дарослы.

Звычайная рэч: твой горад, вуліца, дом набываюць чароўныя рысы толькі тады, калі бачыш іх у сярэднім пяць дзён у месяц, прыязджаючы з валізай да маці, якая паспела прыгатаваць курыцу з бульбай, ды адразу абвяшчаеш ёй дату ад’езду. Тады нават твой некалі абрыдлы пакой, дзе бел­чырвона­белы сцяг ты даўно зняў са сцяны, можа падацца чароўнай казкай. Мяккае святло настольнай лампы, фіранкі, якія маці выпрала ды павесіла нанова, шэрагі непрачытаных кніжак, па карашках якіх хочацца правесці рукой, а такую­сякую зняць з паліцы ды пагартаць. Пакуль ты разумееш, што ўсё гэта — на пару дзён, нават на месяц, але наперадзе —немінучы ад’езд, ты верыш у казку. Шчымлівую і ад таго яшчэ больш чароўную.

– Не ведаю, што табе параіць. А яна сюды?… Зразумела. Што табе тут — сесці хіба, вопыт ёсць. Ведаеш што, —вочы Славы загарэліся зялёнымі аганькамі, —ты падыдзі да гэтых двух, во там, дзе лысы зыркае на нас, і скажы: «Рабятэ, піць гарэлку — поўная х…ня, інтэлігентныя людзі п’юць піва!»

Слава загагатаў і адкінуўся на жалезную спінку крэсла. Даўно я не ўжываў алкаголь, нават піва, хмель мне такі ўдарыў у галаву, а агульны стан выматаных праз унутраны канфлікт нерваў, толькі спрыяў сітуацыі. Я адсунуў пустую бутэльку «Жыгулёўскага» разам з пластыкавай белай талерачкай з халодным недаедзеным чабурэкам са слядамі кетчупу, высунуў крэсла і нетаропкай хадой, за якую мяне дражнілі яшчэ ў школе, зрабіў некалькі крокаў у бок суседняга століка.

– Пацаны, піць гарэлку — х…ёва, —і пасля паўзы дадаў: — А расейская мова — для пі…саў…

Апошнім, што я паспеў пачуць з радыёкалонак, быў радок Агузаравай, а можа Алегравай, вечна іх блытаю: «Меня ты поймешь, лучшей страны не найдёшь!»

***

Алесь Кіркевіч нарадзіўся ў 1989-­м у Гродне. Ягоны дзед Аляксандр быў вядомым у Гродне краязнаўцам. Алесь з'яўляўся намеснікам старшыні «Маладога фронту». За ўдзел у Плошчы быў асуджаны на 4 гады зняволення,

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0