1 чэрвеня скончылася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне. Колькасць абітурыентаў значна паменшылася ў параўнанні з папярэднім годам. Калі ў 2013 на тэсты зарэгістравалася 117 тысяч чалавек, то ў 2014 Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў налічыў 105,6 тысяч абітурыентаў.

Несуцяшальнай ёсць статыстыка па мове тэстаў, якую выбралі абітурыенты. Беларуская мова, як і раней, значна саступае па папулярнасці расійскай і працягвае губляць прыхільнікаў.

Так, беларускую мову для абявязковага моўнага іспыта выбралі толькі 25% абітурыентаў: 26 тысяч супраць 78 тысяч чалавек, якія будуць здаваць расійскую мову. Гэта на 3% менш за 2013 год. У 2012 годзе беларускую мову здавалі 45 тысяч чалавек — 32% ад агульнай колькасці зарэгістраваных.

Колькасць тых, хто хоча здаваць профільныя прадметы па-беларуску, таксама падае. У гэтым годзе беларускамоўныя бланкі тэстаў па гісторыі Беларусі атрымаюць усяго 14,25% абітурыентаў. У 2013 годзе гісторыю Беларусі па-беларуску здавалі 18,8%, а ў 2012 — 23,5% абітурыентаў. У 2011 годзе гэты паказчык быў роўны 33%.

Другое месца трымае сусветная гісторыя. Па-беларуску яе збіраюцца здаваць 6,5% абітурыентаў.

Беларускамоўныя тэсты па біялогіі замовілі 5,5% абітурыентаў, геаграфіі — 5, 18%, па матэматыцы і хіміі — 5%, па фізіцы — 4,8%.

Самая «небеларускамоўная» дысцыпліна ЦТ — грамадазнаўства. Толькі 2% абітурыентаў будуць здаваць гэты іспыт па-беларуску.

Колькасць вучняў беларускамоўных школ у краіне ў 2013-2014 складала 15% ад агульнай колькасці (142 тысячы дзяцей, гэта кожны сёмы вучань).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?